Новая схема чэмпіянату па футболе: за кошт чаго плануюць распаліць інтарэс?

Футбольнае першынство Беларусі перавялі ў новы фармат ― “разбіўка на шасцёркі”. Як плануецца, наватарская схема мусіць распаліць жарсці ў нашым прэсным чэмпіянаце.

У Беларускай федэрацыі футбола Еўрарадыё патлумачылі прынцып. Кожная з 12 каманд па кругавой схеме, як і раней, згуляе 11 хатніх і 11 гасцявых матчаў. Пасля гэтага шэсць найлепшых каманд аб’яднаюць у адну групу, шэсць слабейшых ― у іншую (яшчэ плюс дзесяць гульняў для кожнага клуба). Каманды з мацнейшай шасцёркі будуць змагацца за медалі, са слабейшай― за права застацца ў вышэйшай лізе. Пры гэтым ачкі, набраныя камандамі ў кругавым турніры, захаваюцца.

“Тыя, што выступаюць за гэту формулу, лічаць, што палепшыцца ўзровень канкурэнцыі, ― разважае футбольны эксперт Максім Беразінскі. ― Мне здаецца, што мы не павысім узровень чэмпіянату дзяленнем на шасцёркі. Найперш гаворку трэба весці не наконт формулаў і фарматаў ― трэба змяніць адносіны Федэрацыі да чэмпіянату, адносіны клубаў да сваіх заўзятараў. Трэба пазбавіць клубы ўтрымальніцкай мадэлі існавання, калі, не зарабляючы, яны ў кожным разе атрымліваюць грошы. Я не кажу пра заробкі на тэлеправах і атрыбутыцы. Але нават пры сённяшніх умовах магчыма збудаваць сістэму, пры якой клубы, якія дабіваюцца выніку, будуць атрымліваць больш грошай і ім будзе выгадна развівацца і змагацца за больш высокія месцы”.

Вядомы футбольны трэнер Юрый Пунтус падчас выканкаму Беларускай федэрацыі футбола прагаласаваў супраць змены фармату чэмпіянату. Дарэчы, гэтак жа лічыць і трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка.

Юрый Пунтус: “Ну, не веру я, што інтрыга будзе захоўвацца ў матчах з камандамі, якія будуць займаць 7-е, 8-е, 9-е месцы і якім не будзе пагражаць вылет з вышэйшай лігі. Хоць я моцна не засмучваюся. Каб нанесці нейкія страты чэмпіянату ― новая схема іх не нанясе. Думаю, што, пражыўшы год паводле гэтай схемы, мы ўсё адно пяройдзем на кругавую формулу”.

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па футболе Георгій Кандрацьеў разлічвае, што новая схема дакладна дадасць беларускім клубам матывацыі:

“Каманда будзе імкнуцца трапіць спачатку ў шасцёрку, а потым будзе барацьба за медалі”.

Еўрарадыё: Але матывацыя для каманд са слабейшай шасцёркі можа не захавацца…

Георгій Кандрацьеў: “Да разбіўкі на шасцёркі пройдзе 22 туры. Калі ласка, трапляй у шасцёрку, змагайся за медаль. А калі ў цябе не хапае ні фінансавых, ні людскіх рэсурсаў ― гуляй у ніжняй шасцёрцы. Якія пытанні? Калі ты будзеш прэтэндаваць на медалі, то ў шасцёрку трапіш у кожным разе”.

Фота gorad.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі