Невыязныя выкрылі схему ўключэння ў “чорны спіс”

“Я даведаўся дакладнае прозвішча чыноўніка, які мяне ўнёс у гэтую базу. А дакладней – ад імя якога мяне ўнеслі ў гэтую базу. Гэта ваенком горада Рэчыца, Гомельскай вобласці. Я ніколі не быў у Рэчыцы, ніколі не жыў там, у ваенкамаце не быў зарэгістраваны. Так што ўсё вельмі смешна”, -- расказвае Еўрарадыё Міхась Янчук, нарадзіўся ён у Брэсце, у ваенкамаце зарэгістраваны там жа.

15 сакавіка Міхасю паставілі штамп у пашпарце аб “адмове ў выездзе”. Ён акурат ехаў па працоўных справах у Варшаву. Журналіст змог убачыць на ўласныя вочы тую самую базу невыязных. Аказалася, што ў базе прапісваецца прозвішча чалавека, адказнага за ўнясенне туды той ці іншай асобы.

120528 Pilecki Nevuezd.mp3

“Там можна убачыць дакладную дату, прозвішча і ініцыялы чалавека, ад імя якога ўносяць у гэтую базу. У сувязі з тым, што я ўнесены ў базу па лініі Мінабароны, мяне міліцыя не можа выключыць з гэтага спіса фізічна. Паказалі праграмнае забеспячэнне на гэтым камп’ютары. Яно сапраўды не дазваляе выключыць чалавека са спісу невыязных, калі яго туды змясцілі па лініі іншага ведамства”.

На думку журналіста, менавіта па гэтай прычыне так шмат апазіцыянераў і праваабаронцаў раптам сталі невыязнымі па лініі Мінабароны.

Сустаршыня грамадскай кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка, які таксама трапіў у спіс невыязных, сутыкнуўся з іншай праблемай. У армію яго не прызываюць, міліцыя прэтэнзій таксама не мае, а вось суд маўчыць. Ніякага адказу адтуль няма.

“Суд ніяк не рэагуе. Мы даслалі туды заяву больш за паўтары месяцы таму. Маем паштовае паведамленне аб дастаўцы. А суд ніяк не рэагуе”, -- расказвае Карняенка.

У невыязнога намесніка старшыні Беларускага хельсінскага камітэта Гары Паганяйлы з судамі атрымоўваецца лепш – на 19 чэрвеня прызначаны разгляд справы. Знайсці праўду ў судзе для Паганяйлы справа прынцыпу.

“У прынцыпе, сама забарона для мяне ніякай ролі не грае. Можна ездзіць, толькі, як кажуць, праз іншыя маршруты”.

Тым часам журналіст Міхась Янчук датэлефанаваўся да рэчыцкага ваенкома, які нібыта ўнёс яго прозвішча ў спіс невыязных. Ваенком прызнаўся, што сваіх подпісаў пад рашэннем аб забароне на выезд не ставіў і нават паабяцаў пацвердзіць гэта ў судзе.

“Я даведаўся дакладнае прозвішча чыноўніка, які мяне ўнёс у гэтую базу. А дакладней – ад імя якога мяне ўнеслі ў гэтую базу. Гэта ваенком горада Рэчыца, Гомельскай вобласці. Я ніколі не быў у Рэчыцы, ніколі не жыў там, у ваенкамаце не быў зарэгістраваны. Так што ўсё вельмі смешна”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі