Названыя ўсе выступоўцы "Басовішча-2012"
Традыцыйны для фэсту конкурс сёлета адбудзецца ў Мінску, а яго пераможца трапіць у асноўны лайн-ап імпрэзы.
На сёлетнім "Басовішчы" выступяць шэсць гуртоў з Беларусі: IQ48, :B:N:, Znich, "Сцяна", TerraKod ды "Кальмары", а таксама чатыры польскія калектывы: беларускамоўныя Rima ды Ilo&Friends і польскамоўныя Fabien Lehre i Raggafaya. Апроч таго ўначы забаўляць прысутных будуць беластоцкія ды-джэі Majki ды Dtekk і гродзенскія Kreep i Nobel.
"Адбор на конкурс ужо вядзецца даўно, трэба дасылаць заяўкі на [email protected] да 20 чэрвеня, — распавядае арганізатарка фэсту Ганна Пякарская. — І сёлета конкурс беларускіх гуртоў адбудзецца ў Мінску".
Плануецца, што адбор пройдзе напрыканцы чэрвеня ў сталічным Rocker Bar (былы Jolly Roger Cafe). Яго пераможца выступіць на "Басовішчы" разам з вышэй названымі гуртамі.
Фестываль "Басовішча-2012" сёлета пройдзе 13-14 ліпеня у польскім мястэчку Гарадок. Усім беларусам, якія пажадаюць наведаць легендарны оўпэн-эйр, арганізатары абяцаюць візавую падтрымку. Як яна будзе ажыццяўляцца, стане вядома ў бліжэйшы час.