Наста Някрасава выступіць на "Басовішчы"

Спявачка Наста Някрасава возьме ўдзел у сёлетнім “Басовічшы”. Беларуская этна-дзіва выйдзе на сцэну ў складзе праекту “R.U.T.A.”, заснаваным вядомымі польскімі музыкамі. Антыпрыгонніцкія песні і традыцыйныя інструменты “R.U.T.A.” прапускае скрозь прызму хардкору і панку.

Згодна са словамі Насты Някрасавай, на “Басовішчы” “R.U.T.A.” звернецца да ўсходніх ад Польшчы матываў.

Наста Някрасава: “Новая праграма, якую яны задумалі, — гэта “R.U.T.A. на Ўсход”, то бок на нашы тэрыторыі, на нашы землі. І запрасілі мяне да ўдзелу ў праекце. Разам мы на “Басовішчы" прэзентуем некалькі твораў з нашага будучага сумеснага альбома”.

Нагадаем, зараз Наста Някрасава жыве ў Варшаве і вучыцца ў інстытуце музыкалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Апроч вучобы, спявачка разам з ініцыятывай “Незалежнае аб’яднанне студэнтаў” ладзіць сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай культуры. Нядаўна Наста выступіла з майстрамі польскай этна-сцэны “Kapela ze wsi Warszawa”.

26 ліпеня ў Кракаве ў межах міжнароднага фэста “Rozstaje” Наста Някрасава дасць свой першы сольны канцэрт, а таксама правядзе варштаты па беларускіх спевах.

Фота: www.etno.serpent.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі