Народны сход (ОНЛАЙН. ФОТА, ВІДЭА)

8 кастрычніка беларусы збіраюцца ў сваіх гарадах, каб абмеркаваць апошнія падзеі, вызначыць праблемы і адшукаць шляхі іх вырашэння. Пачатак ва ўсіх гарадах запланаваны а 13-й. Чытайце рэпартажы Еўрарадыё з месцаў падзеяў!

14:55, Брэст. Фота з Народнага сходу ў Брэсце:

14:50, Гродна. У Гродне пад час “Народнага схода” ішоў футбольны матч “Белкард” (Гродна) – “Хімік” (Светлагорск). Стадыён “Нёман” пільна ахоўвалі  міліцыя і людзі ў цывільным. У бліжэйшых дварах стаялі аўтазакі.

А 13-й гадзіне каля стадыёна сабралося каля 50 чалавек. Аднак ніхто з сябраў аргкамітэта не прыйшоў. Не было заўважна ні старшыні “Аб’яднанай грамадзянскай партыі” Юрыя Істоміна, ні ягонага паплечніка Дзмітрыя Бандарчука, ні сябра партыі “Справядлівы свет” Паўла Станеўскага. 

Праз паўгадзіны людзі, якія прыйшлі на акцыю, разышліся.

14:40, Магілёў. Фота з Народнага сходу.

14:30, Віцебск. Затрыманы старшыня гарадокскай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтахоў, паведамляе "Радыё "Свабода". Супрацоўнікі ДАІ спынілі яго аўтамабіль і заявілі, што патрабуецца тэхнічны агляд. Колькі часу на гэта спатрэбіцца, міліцыянты не ўдакладнілі.

14:25, Гомель. Затрыманні ўдзельнікаў Народнага сходу працягнуліся. Міліцыянты схапілі і заштурхалі ў аўтамабіль Іллю Міронава і Ірыну Вераб'ёву. Праз тры гадзіны пасля заканчэння акцыі іх адпусцілі без складання пратаколу.
14:20, Гомель. Затрыманы актывіст Партыі БНФ Валерый Рэпін і незалежная журналістка Ларыса Шчыракова (адпушчаная праз тры гадзіны без складання пратаколу). Па заканчэнні Народнага сходу супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць і старшыню мясцовага аргкамітэта па правядзенні сходу Валерыя Сляпухіна. Але людзі адсунулі міліцыянтаў, узялі Сляпухіна ў кола і давялі да дома па вуліцы Юбілейнай. Кола складалася з прыкладна 100 чалавек, якія перыядычна пляскалі ў ладкі, крычалі "ШОС!" ды "Жыве Беларусь!".

14:18, Гомель. Народны сход не адбыўся так, як было запланавана, праз тое, што яшчэ да яго пачатку арганізатары мерапрыемства апынуліся ў пастарунках. Тым не менш, на пляцоўцы каля ДК "Віпра" сабралася каля 400 чалавек. Улады паспешна арганізавалі там канцэрт і выставу-продаж сельгаспрадукцыі. На плошчы сабралі шмат міліцыі. Перакрываючы музыку, людзі часамі крычалі "ШОС!", паведамляе агенцтва БелаПАН.

14:15, Мінск. Затрыманыя маладыя людзі былі з групы анархістаў, якая прыйшла падртымаць Народны сход, паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі. На прыпынках вакол плошчы Бангалор вельмі вялікая актыўнасць людзей "у цывільным", яны ходзіць групамі па 5-6 чалавек. Па плошчы і навакольных вуліцах ездзяць міліцэйскія мікрааўтобусы з танаваным шклом. Журналісты чакаюць наступных затрыманняў.

14:11, Мінск. Адбыліся затрыманні ўдзельнікаў Народнага сходу. Па заканчэнні мерапрыемства на прыпынку насупраць рэстарана "McDonald's" людзі ў цывільным на вачах у журналістаў затрымалі 5-х хлопцаў. Іх пасадзілі ў сіні мікрааўтобус VW без нумароў.

14:10, Мінск. Відэа выступа Віктара Івашкевіча.

14:02, Магілёў. Прысутныя запатрабавалі вызваліць палітвязняў і даць бясплатны праезд студэнтам.

Удзельнікі акцыі дадалі ў агульную рэзалюцыю некалькі пунктаў. Сярод іх – вызваленне палітвязняў, індэксацыя заробкаў у адпаведнасці з інфляцыяй, спыненне росту коштаў, бясплатны праезд для студэнтаў. Наступны сход было вырашана прызначыць на тым самым месцы (стадыён на вуліцы Чалюскінцаў) на 12 лістапада.

14:00, Брэст. Народны сход доўжыўся каля 5 хвілінаў. Так каротка акцыя прайшла праз тое, што напярэдадні была затрыманая яе арганізатарка Зінаіда Міхнюк. Нягледзячы на пагрозу затрыманняў, у парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў прыйшло некалькі соцень брэстаўчан, паведамляюць Еўрарадыё відавочцы. На ўваходах дзяжурылі міліцыянты. Яны ж (але ў цывільным) шпацыравалі сцежкамі парка.
Тым, хто сабраўся, давялі пра затрыманне Зінаіды Міхнюк, рэпрэсіі супраць арганізатараў  Народнага сходу ў  Брэсце. Прысутныя прынялі рэзалюцыю з патрабаваннямі да ўладаў. Сход упаўнаважыў шасцёх чалавек перадаць патрабаванні ўладзе і быў распушчаны “на кірмаш, купляць нашу, не амерыканскую жа бульбу”.

13:56, Мінск. Удзельнікі Народнага сходу спяваюць "Пагоню".

13:54, Магілёў. На Народны сход прыйшоў галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі гарвыканкама А. Балашэнка. У Народным сходзе ўдзельнічаюць каля 150 чалавек. Выступоўцы крытыкуюць новы закон аб масавых мерапрыемствах, у прыватнасці - санкцыі за масавае бяздзеянне.

13:53, Беларусь. Хроніка затрыманняў 8 кастрычніка. Працяг.

У Глыбокім затрыманы Зміцер Лупач. Пра затрыманне гэтага селяніна і грамадскага актывіста паведамляюць чытачы "Нашай Нівы".
У Асіповічах затрыманы актывіст Ігар Сімбіроў. Яго забралі ў пастарунак  чыгуначнага вакзалу. Праз тэлефонён ён распавёў, што на вакзале на яго напалі двое невядомых у цывільным, збілі. Сярод нападнікаў актывіст пазнаў падпалкоўніка міліцыі Рогаля. Міліцыянты затрыманне патлумачылі тым, што актывіст нібыта перавозіць незаконныя рэчывы.
Паводле "Радыё "Свабода", у Слоніме раніцай 8 кастрычніка быў затрыманы Іван Шэга, кіраўнік Слонімскай раённай арганізацыі Партыі БНФ.
Журналіста Кастуся Шыталя будуць судзіць у Мёрах пасля Народнага сходу. Ён збіраўся напісаць матэрыял пра Народны сход у мястэчку Дзісна для сайту westki.info. У Мёрскім РАУС на хлопца склалі пратакол, нібыта ён нецэнзурна лаяўся.

13:52, Мінск. Удзельнікі Народнага сходу развітваюцца адно з адным і разыходзяцца з плошчы Бангалор. Рэзалюцыя прынятая.

13:51, Жодзіна. Некалькі дзясяткаў чалавек спрабавалі правесці сход у Жодзіне. Яны гуртаваліся каля аточанага міліцыянтамі стадыёна, паведамляе zhodzina.by.

13:50, Беларусь. Хроніка затрыманняў 8 кастрычніка.
У Наваполацку без тлумачэнняў затрымалі актывіста Яўгена Парчынскага. Гэта адбылося ля пад'езду яго дома. У яго адабралі мегафон, прызначаны для правядзення Народнага сходу.
У Оршы арганізатары Народнага сходу Мінай Карніенка і Мікалай Дзямідаў былі затрыманыя ў 12:15 недалёка ад гарадскога стадыёна, дзе быў запланаваны Народны сход. Іх міліцыя западозрыла ва "уладанні зброяй". Праўда, міліцыянты не патлумачылі, якой.
У Полацку затрыманя актывісты Віктар Калеснік і Вячаслаў Бойка. Яны везлі на сход электрагенэратар.

13:45, Мінск. Удзельнікі Народнага сходу:

13:42, Мінск. Прыкладна 25 актывістаў анархісцкага руху стаяць асобнай групай з чырвона-чорнымі сцягамі. Яны сабраліся крыху ў баку ад месца, дзе выступаюць удзельнікі сходу. Анархісты перыядычна выкрыкваюць у мікрафон "Улада нараджае паразітаў!" і "Свабода, роўнасць, анархакамунізм!".

13:40, Мінск. Прыкладны змест рэзалюцыі Народнага сходу, прынятай у Мінску. Удзельнікі сходу патрабуюць ад уладаў:
1) спыніць рост цэнаў
2) правесці індэксацыю заробкаў
3) спыніць практыку кароткатэрміновых працоўных кантрактаў
4) вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў
5) правесці свабодныя выбары
6) стымуляваць гаспадарчую ініцыятыву і не замінаць прадпрымальнікам ствараць новыя працоўныя месцы
Івашкевіч прапанаваў правесці Другі Народны сход 12 лістапада. Таксама ён паведаміў, што гукаўзмацняльную апаратуру па дарозе да месца сходу затрымалі спецслужбы.

13:36, Мінск. Віктар Івашкевіч зачытаў рэзалюцыю Народнага сходу. Людзі прымаюць яе.

13:33, Мінск. Перад удзельнікамі Народнага сходу выступае Мікіта Ліхавід: "Сёння нам перашкодзіла надвор'е!". Былы вязень лічыць, што мае сэнс сабрацца на наступны Народны сход, які мае адбыцца 12 лістапада. Людзі адмаўляюцца заходзіць за абмежавальныя турнікеты і гуртуюцца вакол агароджаў, ля помніка з буслам.

13:30, Гомель. Затрыманыя арганізатары Народнага сходу Уладзімір Кацора і Васіль Палякоў, праваабаронца Леанід Судаленка, кіраўнік абласной арганізацыі партыі "Справядлівы свет" Уладзімір Сякерка. Міліцыянты спынілі аўтамабіль, у якім перавозілася гукаўзмацняльная апаратура для Народнага сходу, на падставе таго, што нібыта машына скрадзеная.

13:26, Магілёў. На стадыёне - заяўленым месцы правядзеньня сходу - шмат міліцыі ў форме і цывільным. Улады прыгналі рабочых з газонакасілкамі, якія косяць на стадыёне траву і заглушаюць выступоўцаў.

13:25, Бабруйск. Гараджане прынялі "Рэзалюцыю народнага сходу горада Бабруйска". Міліцыянты спрабавалі адабраць у людзей тэкст рэзалюцыі, але ўдзельнікі сходу "адбілі" яе. Падчас зачытвання рэзалюцыі затрыманы Віктар Бузінаеў. Зараз ён знаходзіцца ў следчым аддзеле бабруйскага РАУС.

13:23, Мінск. Выступае Генадзь Фядыніч: "Нельга давяраць ураду, які давёў людзей да беднасці". Прафсаюзны лідар кажа пра тое, што "вось-вось можа з'явіцца беларускі Лех Валенса".

13:18, Мінск. Прысутным раздаюць “Рэзалюцыю Народнага сходу горада Мінска”. З’явіліся першыя сцягі: пяць сцягоў “Еўрапейскай Беларусі”, сцяг Мінска з выявай Божай Маці. Узнялі і першую расцяжку: “Саннікаў - наш прэзідэнт”. Сярод прысутных з’явіліся каардынатары Народнага сходу Віктар Івашкевіч і Генадзь Фядыніч.

13:15, Мінск. Удзельнікі народнага сходу.

13:13, Баранавічы. У старым парку, дзе адбываецца Народны сход, з'явілася каля 50 супрацоўнікаў міліцыі ў форме і ў цывільным. Яны дасталі відэакамеры і пачалі здымаць удзельнікаў акцыі.

13:11, Мінск. На плошчы Бангалор з'явіліся генерал Валерый Фралоў і Станіслаў Багданкевіч. Па-ранейшаму няма Віктара Івашкевіча. Кажуць, што ён не адказвае на тэлефанаванні.
Людзі не хочуць заходзіць у загарадку за міліцэйскія кардоны.

13:10, Мінск. Удзельнікі Народнага сходу.

13:07, Брэст. Затрыманая Зінаіда Міхнюк - намстаршыні Беларускага прафсаюза працаўнікоў РЭП. У Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў (брэсцкая пляцоўка Народнага сходу) да яе падыйшлі міліцыянты і папрасілі прад'явіць дакументы, і адразу ж, на месцы, затрымалі. Зараз Зінаіду Міхнюк вязуць у Маскоўскі РАУС Брэста.

13:05, Магілёў. Слухачы Еўрарадыё даслалі ў рэдакцыю здымкі таго, як да Народнага сходу рыхтуецца магілёўская міліцыя. У раён Быхаўскага рынка сцягнулі шмат міліцэйскіх аўтамабіляў і нават вадамёт:

12:55, Мінск. Карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук заўважыў, што Ўладзіміра Някляева паўсюль суправаджае чалавек у цывільным, які трымае ў руках партатыўную відэакамеру. Наўрад ці гэта персанальны аператар Уладзіміра Някляева...

12:52, Баранавічы. У старым парку сабралася каля 20 чалавек. Сярод іх праваабаронцы, а таксама палітыкі і грамадскія дзеячы. Па перыметры шпацыруюць міліцыянты. У парк прыйшоў і дэпутат гарсавета Баранавічаў, сябра партыі “Справядлівы свет” Аляксандр Галькевіч. Ён адказвае на пытанні прысутных.

12:50, Мінск. Карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук паведамляе, што на сцэне не бачна ніякай гукаўзмацняльнай апаратуры. Гэта азначае, што прамоўцы Народнага сходу, хутчэй за ўсё, будуць звяртацца да людзей праз звычайныя гукаўзмацняльнікі. Тым часам людзі працыгваюць падыходзіць да пл. Бангалор. Зараз там каля 200 чалавек.

12:45, Мінск. На плошчу Бангалор прыйшлі Ўладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі, паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі. Пакуль што яны таксама не зайшлі за агароджу, збудаваную міліцыянтамі вакол сцэны на плошчы Бангалор.

12:40, Мінск. Аўтазакі на праспекце Незалежнасці:

12:35, Мінск. Да уваходаў на агароджаную міліцыянтамі тэрыторыю ўвесь час падцягваюцца людзі. Зараз іх каля 100 чалавек. У асноўным, удзельнікі сходу падыходзяць з боку "МакДональдса" на плошчы Бангалор.

12:30, Мінск. Пляцоўка ў парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор, дзе мае адбыцца мінская частка Народнага сходу, агароджаная. Усталяваны ўваход з рамкамі. Навокал шмат супрацоўнікаў міліцыі ў форме і людзей "у цывільным".

Паводле “Закона Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” ініцыятарам правядзення мясцовага сходу можа стаць група грамадзянаў, якія збяруць подпісы не менш як 10% грамадзянаў, што пражываюць у дадзеным горадзе (ці мікрараёне, вуліцы, двары ці доме). Аднак улады ўжо цяпер лічаць, што Народны сход — гэта акцыя, якая падпадае пад Закон аб масавых мерапрыемствах. З гэтай прычыны шматлікія актывісты апазіцыі паспелі атрымаць папярэджанні ад пракуратуры.

Фота — bymedia.net

На здымку: Раніцай 8 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі абгарадзілі пляцоўку на плошчы Бангалор у Мінску, дзе мусіў адбыцца Народны сход.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі