На размеркаванні юрысту плацяць 1,5 мільёна, а інжынеру — 2,5

120822 MartynovichZarobak_0_0.mp3

Андрэй пасля машынабудаўнічага факультэта БНТУ два гады працаваў канструктарам на барысаўскім заводзе “БАТЭ”. Не застаўся, бо маленькі заробак.

“Вельмі нізкі. Крыху больш за 200 долараў інжынеру-канструктару. Размеркаванне скончылася ў жніўні. Цяпер перабраўся ў Мінск. Хачу засвоіць новую спецыяльнасць — праграмаванне. Збіраюся на курсы”, — расказвае Андрэй.

І дадае, што хоча праграмаваць пад IPhone.

Інжынер мяняе спецыяльнасць: вядома, у праграмістаў заробкі больш за 200 долараў.

Праз тры тыдні ў юрыста Насты сканчваецца размеркаванне. Дзяўчына скончыла ВНУ два гады таму і двойчы за гэты час пераразмяркоўвалася. Юрыстам працаваць больш не хоча.

Наста: “Спярша размеркаванне было ў Шаркаўшчынскі раён, пасля пераразмеркавалася ў Мёрскі раён, у СВК. Хацелася ў вёску. Адпрацавала там 9 месяцаў, умовы жыцця не вельмі. Потым пераехала ў Віцебск, пераразмеркавалася юрыстконсультам у “Віцебскі гаспадарчы гандаль” . Зразумела, што юрыдычная праца не мая, можа на гэта паўплывалі няўдалыя месцы працы. Планую мяняць прафесію”.

Цяпер Наста зарабляе каля 1,5 мільёна рублёў. У мёрскім калгасе плацілі на пару соцень тысяч рублёў больш. Тут не толькі прафесію зменіш. Плануе адпачыць і пашукаць працу ў спорце.

Выпускнік хімфаку БДУ Дзяніс вучыўся на платным, але… папрасіў размеркавання. Спецыяліста ўладкавалі ў Акадэмію навук. Праз два гады Дзяніс адтуль сыходзіць.

“Прапанавалі размеркавацца ў Інстытуце мікрабіялогіі. Калі прыйшоў, плацілі 450 тысяч. Напрыканцы, можа, мільён. Звольніўся з той працы і праз знаёмых знайшоў пасаду ў Інспекцыі па раслінаводстве. Два месяцы шукаў. Заробак — сярэдні па Мінску”, — кажа Дзяніс.

Значыць, зарабляе больш за 3 мільёны. Ну, гэта нашмат лепш за Акадэмію навук…

У Мінскім дзяржаўным палітэхнічным каледжы Еўрарадыё знаходзіць выкладчыцу, якая… не звальняецца пасля адпрацоўкі. Выпускніца гістфаку БДУ Вікторыя не знайшла іншай працы. Калі знойдзе — сыдзе.

Вікторыя: “У мяне ўжо другая катэгорыя, каля 2 мільёнаў атрымліваецца на 1,5 стаўкі“.

У гаспадарцы “Новая друць”, што на Магілёўшчыне, знаходзім загадчыка гаспадарчай часткі, які прыехаў па размеркаванні і застаўся на… пяць гадоў(!). Бо завёў сям’ю.

“Я скончыў Аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, а другая вышэйшая — эканоміка і кіраванне. У гэтай жа ВНУ. Сам я з Сенніцы Мінскага раёну. Калі размяркоўвалі, сказалі, каб паднімаў сяло. Тут абзавёўся сям’ёй, але цяпер планую перабрацца ў Мінск”, — расказвае Андрэй.

Пакуль, маючы дзве вышэйшыя адукацыі, Андрэй працуе за 2,5 мільёны рублёў.

На Аршанскім інструментальным заводзе — цякучка кадраў. З васьмі маладых спецыялістаў, якія прыехалі два гады таму пасля ВНУ, засталася палова.

“Сыходзяць, бо не жыхары Оршы. Адпрацаваў і паехаў. Дзяўчыны выходзяць замуж і едуць да мужа”, — расказваюць на Аршанскім інструментальным заводзе.

Сёлета завод паслаў у ВНУ шэсць заявак на спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Прыехалі толькі чацвёра. Не дзіва: інжынеры тут зарабляюць 2,7-3 мільёны рублёў.

Фота: flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі