На продажы жэтонаў метро зарабляе 80-120 мільярдаў

130312_savich_metro.mp3

Сабекошт паездкі ў наземным транспарце амаль у паўтара разу большы за сабекошт паездкі ў метро, — так нечакана сцвярджае галоўны кантралёр КУП “Мінскі метрапалітэн” Аляксандр Салей.

“Зараз мы перавозім людзей па 3700 рублёў, а жэтончык колькі каштуе? 1700! А ў наземным транспарце сабекошт — 5000 рублёў”.

Пры гэтым год назад намеснік генеральнага дырэктара “Мінсктранса” Віктар Тозік казаў Еўрарадыё, што сабекошт праезду ў метро большы, чым у наземным транспарце.

"Аўтобус ўзяў, праклаў па карце, паглядзеў, дзе пасажырапаток вялікі. Прыпынкі будуць у мікрараёнах, людзі ёсць. Выдаткі мінімальныя ў параўнанні з трамваем і тралейбусам, не кажучы пра метро. Першапачатковыя выдаткі там значна вышэйшыя”.

Што змянілася за год?

Каб зэканоміць на выдатках на праезд, метрапалітэн павялічвае інтэрвал руху цягнікоў.

“Пераход ад 2-хвіліннага інтэрвалу да 3,5-5 хвілін, а ўвечары і да 10-хвіліннага інтэрвалу дапамагае нам эканоміць, бо выдаткі вельмі вялікія”.

Прычыну больш нізкага сабекошту падземкі галоўны рэвізор Мінскага метрапалітэна Аляксандр Салей не называе, але адна з магчымых прычын вядомая — невялікі працэнт безбілетнікаў.

“Прыкладна 96-97% пасажыраў праезд аплачваюць. А ў наземным транспарце колькі? Няхай бы яны хаця б 50% збіралі. Плюс адмена бясплатнага праезду студэнтаў. Калі студэнты ездзілі бясплатна, у нас 50% пасажыраў ездзілі бясплатна”, — кажа Салей і заўважае, што прыбытак ад продажу жэтонаў-талонаў і праязных — велізарныя грошы.

“Болей за 80-120 мільярдаў рублёў. Пры гэтым на рэкламе мы зарабляем не гэтак многа — 12 мільярдаў за 2012 год. Па адным мільярдзе штомесяц”.

Такім чынам, рэклама дае метро дзясятую частку грошай. Паводле слоў Аляксандра Салея, Мінскі метрапалітэн за мінулы год перавёз болей за 280 мільёнаў пасажыраў, то бок кожны мінчук праехаў у метро ў сярэднім 155 разоў!

У “Мінсктрансе” на пытанне Еўрарадыё, чаму сабекошт паездкі ў аўтобусе большы, хаця па якасці і хуткасці метро пакідае далёка ззаду наземны транспарт, наракаюць на… “зайцаў”.

“Перавозіць наземным транспартам даражэй — гэта і паліва, "зайцы". Вось будзе розная аплата — будзем ведаць, што і колькі”.  

Калі жэтон у метро будзе каштаваць менш за квіток на аўтобус, ні ў метрапалітэне, ні ў “Мінсктрансе” не ведаюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі