На навагодні стол мінчане трацяць 200-300 долараў

121228_savich_6oping1.mp3

У адным з сталічных гіпермаркетаў працуюць усе 37 кас, а каля іх памочнікі, якія пакуюць тавары кліентаў, каб людзі не затрымліваліся ў чэргах. Але перад самым Новым годам, мяркуюць у гіпермаркеце, нават і гэта не дапаможа справіцца з наплывам пакупнікоў.  

“Асноўнага наплыву мы чакаем у апошнія два дні перад Новым годам. Хаця нават цяпер ужо бачым, што людзі пачалі закупляцца. Каб пазбегнуць чэргаў, лепш прыходзіць зранку, бо вечарамі, пачынаючы з пятай гадзіны вечара, пачынаюцца чэргі”, — раіць прадавец Наталля.

Мінчане купляюць канструктары, мяккія цацкі, аўдыёкніжкі, упрыгожванні да ёлак, мішуру і шкарпэткі. Але асаблівай папулярнасцю ў год Змяі карыстаюцца мядзведзі.

“Купляюць, што ёсць: посуд, вельмі многа гадзіннікаў купляюць, мяккія цацкі... Чамусьці вельмі папулярныя мядзведзі. Менавіта мядзведзяў бяруць!” — дзівіцца прадавец.

Цікава, што на пытанне Еўрарадыё, колькі вы патраціце на Новы год, мінакі гатовы ўбухаць у святкаванне ад аднаго мільёна рублёў да тысячы долараў!

“Спадзяюся, мільёна хопіць на ежу”;

“Долараў прыкладна 500 на падарункі, калі не болей, а на ежу не менш”.

“Я ўжо ўсё купіла — 1000 долараў на ўсё патраціла”;

“Усё, што будзе на картцы, усё пойдзе. Гэта прыкладна 300 долараў на ўсё”,

“Магчыма, долараў 200 на ежу, на падарункі болей”;

“Мільёна паўтара пойдзе дакладна”.

І гэта пры тым, што на стол асаблівых дэлікатэсаў не купляюць. Склад тавараў традыцыйны — фарш, курынае філе і ногі, маянэз, цукеркі, алкаголь, сокі, гародніна ды гарошак.

Дарэчы, паводле падлікаў Еўрарадыё, за год народная салата “Аліўе” падаражэла амаль удвая. Летась маленькі тазік салаты каштаваў 24-30 тысяч рублёў, а зараз — прыкладна 36-40 тысяч рублёў за традыцыю.

Мінчанка Алена расказвае, што ў асноўным па шопінг ездзіць за мяжу. Нават на Новы год прадукты прывозіць.

“Тут шакуюць, канечне, кошты… Але мы ў асноўным прадукты ў Літве куплялі, на сённяшні дзень 300 долараў выдаткавалі, пакуль толькі на стол і драбязу”.

Мінчанка Марына закупілася больш чым на мільён.

Жанчына прызнаецца, што брала самае неабходнае: гірлянды, посуд, кансервы, садавіну-гародніну. Але прыедзе яшчэ раз, бо набыла не ўсё:

“Купілі самае неабходнае, неяк усё разам пазаканчвалася: зубная паста, сродкі для мыцця посуду… Ну, і да Новага года трошкі закупіліся, што доўга ляжыць. Вось масліны, ананасы, сокі і спіртное, посуд. Атрымаўся чэк на мільён! Спадзяюся, калі прыедзем па асноўныя прадукты, сума меншая будзе”.

Еўрарадыё пазбірала чэкі каля кас. З 21 чэка толькі чатыры выбітыя на суму менш за 150 тысяч рублёў, з іх два — на 50-60 тысяч рублёў. Астатнія пачынаюцца ад 240 тысяч і вышэй. А вось сярэдні чэк — 400 тысяч.

Топ тавараў, якія купляюць мінчане ў пераднавагоднія дні, — маянэз, ён сустракаецца ў палове чэкаў, гірлянды і мішура, цыгарэты, сокі і курынае філе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі