На кантракты ў дрэваапрацоўцы перавядуць толькі некаторых спецыялістаў?

На пачатку снежня 2012 года Аляксандр Лукашэнка сваім нашумелым дэкрэтам забараніў рабочым дрэваапрацоўчых заводаў звальняцца. Іх павінны былі перавесці на кантракты і выплачваць надбаўкі. На справе ўсё аказалася зусім не так страшна.

130125_pilecki_modern.mp3

Намесніца дырэктара па ідэалагічнай працы бабруйскага прадпрыемства “ФанДОК” Вера Санковіч расказвае, што кантракты будуць абавязваць толькі тых супрацоўнікаў, якія актыўна задзейнічаныя ў працэсе мадэрнізацыі.

“Плануецца новая мадэрнізацыя ў 2013 годзе. Пакуль дакладней не магу сказаць. Яна будзе адбывацца на фанерным заводзе, на лесапільні. І як толькі пачнецца новая мадэрнізацыя — мы адразу ж будзем вылучаць з людзей тых, хто будзе задзейнічаны ў мадэрнізацыі больш за ўсё, і даваць ім надбаўкі. Пакуль у нас гэтага няма, бо папярэдняя мадэрнізацыя завершаная”.

На “Івацэвічдрэве” Еўрарадыё ўвогуле паведамілі, што іх прадпрыемства ўжо прайшло мадэрнізацыю. Адпаведна, ніякіх зменаў там не прадбачыцца. На “Магілёўдрэве” запэўніваюць, што ўсё на прадпрыемстве ў парадку, звальненняў няма, новы дэкрэт кіраўніка краіны выконваецца.

У самім дэкрэце насамрэч напісана, што кантракты з супрацоўнікамі плануецца заключаць “на перыяд інвестыцыйных праектаў”. З усімі рабочымі альбо толькі з тымі, хто задзейнічаны ў іх, — не ўдакладняецца. Таму кіраўніцтва таго ж “ФанДОКа” ў нейкіх парушэннях абвінаваціць складана. Нават нягледзячы на тое, што новыя правілы закрануць зусім няшмат супрацоўнікаў гэтага прадпрыемства.

“Я думаю, што мінімум дзесяць чалавек. Гэта асноўныя тэхнічныя работнікі — галоўны інжынер, галоўны механік, галоўны энергетык”.

Агулам колькасць супрацоўнікаў бабруйскага прадпрыемства дасягае 1740 чалавек. Таму гэтыя 10 кантрактаў сур’ёзна на стан рэчаў не паўплываюць.

Памер надбавак па кантрактах пакуль невядомы. Іх будуць прызначаць індывідуальна пасля пачатку мадэрнізацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі