На "Бумбокс" у Мінск прыехалі нават фанаты з Расіі (Фота, відэа)

Такіх чэргаў у клуб, якая выстраілася перад Re:Public у дзень канцэрта "Бумбокс", напэўна, яшчэ не было. Выступ украінцаў нават давялося адкласці, каб усе жадаючыя паспелі ўвайсці. Але, як высветліла "Еўрарадыё", масавасць стварылі не толькі беларускія прыхільнікі "Бумбокс". Паслухаць музыкаў прыехала даволі вялікая кампанія са Смаленску.

"Шчыра кажучы, я даўно не быў на канцэртах, - кажа жыхар памежнага расійскага гораду. - Нядаўна быў у Віцебску, але ў Мінску дагэтуль не быў увогуле. Гурт пару год таму прыязджаў і да нас у Смаленск. Але гэты канцэрт мне вельмі спадабаўся. Я даўно так не выкладваўся. Я ж звычайна на канцэртах не сяджу, бо для мяне гэта адрэналін. Нават спадабалася тое, што яны большасць аранжыровак перарабілі пад рок-н-рол, а месцамі і пад рэгі. Тое, што яны перарабілі аранжыроўкі, гэта рэальна крута".

Але далёка не кожны наведвальнік гэтага канцэрта, як высветлілася, добра знаёмы з творчасцю калектыву. Нават тое, што музыкі пашырылі склад, загучалі больш рокава і выдалі ў такой стылістыцы альбом, шмат для каго стала нечаканасцю, хоць і не паўплывала на агульныя ўражанні ад канцэрту.

"Першы раз, так! - хорам кажуць чатыры дзяўчынкі пасля канцэрту. - З новым альбомам знаёміліся ў асноўным тут. Але нам спадабалася. Гэты альбом, апошнія песні... Так! Карацей мы вельмі шкадуем, што раней на іх канцэрты не траплялі, варта было схадзіць!"

Нягледзячы, на тое, што разам з гуртом "Бумбокс" на канцэртах вельмі цяжка спяваць, бо вакаліст увесь час імправізуе, змяняючы мелодыку песень, натоўп усё ж не замаўкаў. Гучнасць спеваў у зале павышалася ды зніжалася выключна ў залежнасці ад таго, новая ці старая песня гучала.

 

Але толькі дзве песні выклікалі такую рэакцыю публікі, што нават інструментаў чуваць не было. І,зразумела, гэта былі "Хоттабыч" і "Вахтерам", з якой у пераважнай большасці наведвальнікаў і пачалося знаёмства з украінскім гуртом.

"На самой справе, пачула песню "Вахтёрам", - распавядае сціплая дзяўчына каля ўваходу ў Re:Public. - Таму пачала слухаць што ды як. Мне вельмі спадабалася. І МТС ладзіў вялікі канцэрт, там было шмат розных гуртоў, я ўжо не памятаю, хто канкрэтна, але былі яны. Я ніколі не забудуся пра гэта. Карацей, у мяне быў вось такі абцас (паказвае пальцамі сантыметраў 15 - заўв. Еўрарадыё) і я ішла басанож пасля гэтага канцэрту. І ўсё, да гэтага часу я іх вельмі чакаю, і калі яны да нас прыязджаюць, я заўсёды прыходжу".

"Бумбокс" адыгралі больш чым паўтары гадзіны, выканаўшы амаль усе свае асноўныя хіты. Хоць у гардэробе і было некалькі расчараваных дзяўчат, якія так і не дачакаліся сваіх улюбёных "Квиты в волоси" ды "Та, что", большасць наведвальнікаў была цалкам задаволеная. Пасля песні на біс, гледачы не працягвалі настойваць на яшчэ адным выхадзе музыкаў, а спакойна пачалі разыходзіцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі