На базе “Пантэры” паўстане жаночая зборная Беларусі па хакеі

20 красавіка ў чэмпіянаце Беларусі па футболе сярод жаночых каманд брэсцкая “Вікторыя-86” перамагла “Маладэчна” з лікам 6:0. Добраму настрою брэстаўчанак на гульню спрыяла тое, што клуб здолеў пераадолець фінансавыя цяжкасці: яшчэ тыдзень таму існаванне брэсцкай каманды было пад пагрозай…

“Будзем граць! — завярае Еўрарадыё начальнік клуба Алег Бушмелеў. — Абласны бюджэт вылучыў нам беспрацэнтную пазыку. Хутка атрымаем і вырашым пытанні з забеспячэннем, экіпіроўкай і іншыя. Спадзяемся, што ў гэтым сезоне ўсё будзе добра”.

Што праўда, заробак футбалісткам пакуль не выдалі. Але аптымістаў у камандзе паболела, кажа адна са спартовак:

“Здаецца, што ўсё наладжваецца, абяцалі дапамагчы. Калі гульня адбылася, гэта ўжо добра. Па заробку яшчэ не разлічыліся, але абяцаюць вось-вось. Настрой у камандзе пакрыху падымаецца”.

Фінансавыя цяжкасці адчуваюць не толькі футбалісткі. З пэўнымі праблемамі сутыкаюцца і ў хакеі — не зважаючы на тое, што гэта прэзідэнцкі від спорта. Мінская “Пантэра”, заснаваная ў 2010 годзе, выйграла адкрыты чэмпіянат Латвіі. Але грошай у хакеістак не паболела, кажа галоўны трэнер каманды Васіль Панкоў:

“З 15 красавіка ў нас адпачынак. Але апошнія месяцы мелі праблемы фінансавага плана. Гэта затрымкі заробку. З экіпіроўкай усё добра. Мы набывалі раней, яшчэ да крызісу, калі не было праблем з валютай. І, калі стваралася каманда, форму набывалі з разлікам на будучыню. Бо ў хакеі гульцы прыходзяць і сыходзяць. І для новых гульцоў мы формай запасліся”.

Акрамя адкрытага чэмпіяната Латвіі, дзяўчыны з “Пантэры” удзельнічаюць у мінскім аматарскім чэмпіянаце па хакеі сярод мужчын. Пакуль што па-за конкурсам. Лепшы бамбардзір каманды, 16-гадовая Ліда Маляўка кажа, што гульні супраць хлопцаў павышаюць прафесіянальныя якасці хакеістак.

“Цяжка, але стараемся, набіраемся вопыту. Часам забіваем, часам прайграваем з невялікім разрывам. Адну каманду нават перамаглі, бо добра настроіліся”.

Васіль Панкоў заўпэўнівае, што ў наступным сезоне “Пантэра” нікуда не знікне. На базе каманды нават плануецца стварыць жаночую зборную Беларусі па хакеі.

“Дакладна будзем выступаць у чэмпіянаце Латвіі. Мы плануем ствараць нацыянальную зборную. Мы запрашалі спартсменак з прыцэлам, што яны будуць мяняць грамадзянства на беларускае. Славачкі не будуць мяняць грамадзянства, а вось гульцы з Расіі і Казахстана дакладна будуць гэта рабіць”.

Хацелася б верыць, что і футбольная “Вікторыя-86” спакойна перажыве гэты сезон і нікуды не знікне ў наступным. Але пра далейшыя перспектывы брэсцкага клуба застаецца толькі гадаць.

Фота: sekundomer.ee

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі