"Мяне засмучае толькі, што суддзя і пракурор у адным грамадскім аб'яднанні"

Абодва абвінавачваныя ў тэракце ў мінскім метро асуджаныя да вышэйшай меры - смяротнага пакарання. Дзмітрый Канавалаў асуджаны за тэракт, а Ўладзіслаў Кавалёў за тое, што не перашкодзіў Канавалаву, не данёс на яго, а таксама дапамагаў несці сумку з выбухоўкай, купіў газету, каб зняць кватэру і дапамагаў прывесці бомбу ў баявую гатоўнасць.


Меркаванні прысутных на судзе раздзяліліся. Нехта казаў пра заслужанае пакаранне. Іншыя сцвярджалі, што неабходна адмяніць смяротнае пакаранне. І ўказвалі на нестыкоўкі ў абвінавачванні.

1_5.mp3
"Прысуд у мяне выклікае сумневы. Адна з пацярпелых выказалася, што на абвінавачваных не было слядоў выбуховых рэчываў. Эксперты ФСБ сказалі, што падабенства Канавалава з выявай на відэа сярэдняе. Я глядзеў гэтую плёнку, там працавала каманда прафесіяналаў. Я ведаю пра што кажу, я разбіраюся ў гэтым, я працаваў у структурах бяспекі. Лічу, што смяротнае пакаранне ў Беларусі трэба адмяняць. Няхай кіраўнік дзяржавы праявіць добрую волю і памілуе гэтых людзей. А справу трэба накіроўваць на даследаванне. Там спецыяльная каманда працавала, прычым, падрыхтаваныя прафесіяналы. Я бачыў, як яны ідуць, як адзін аднаго прыкрываюць. Так спецслужбы працуюць. Я ўпэўнены, што кіраўнік дзяржавы да гэтага не мог быць датычны", - гаворыць адзін з назіральнікаў працэсу Аляксандр Філатаў.


Ілля Маркевіч, сябра Уладзіслава Кавалёва, сумняецца ў доказах абвінавачвання. У прыклад ён прыводзіць сітуацыю з падпалам шапіка ў Віцебску, за які ўжо былі асуджаныя іншыя людзі.

2_5.mp3
"У суддзі не ўзнікае пытанняў наконт таго, што гэтыя людзі могуць быць не вінаватыя, што іх віна не даказаная. Таксама як з шапікам: пасадзілі дваіх, а зараз вешаюць на Канавалава гэты шапік. А людзі ж ўжо сядзяць. Дык што, яны невінаватыя? Зараз могуць расстраляць невінаватых".


Маці загінулага падчас тэракта Віталя Дайнэка, прысудам задаволеная і следства ў яе не выклікае сумневаў.

3_5.mp3
"У мяне загінуў сын. Віталік Дайнэка - 40 гадоў. Маці [Кавалёва - заўвага Еўрарадыё] плача, шкада, што расстрэл. А мне, што свайго не шкада? Мне таксама шкада, вельмі. Я б яшчэ хацела, каб яго [Канавалава - заўвага Еўрарадыё] вывезлі сюды на пляцоўку, і ведаеце, што рабілі б? Каб кускамі рэзалі. Як мой сын пакутваў, калі быў у коме 2 тыдні".


Пацярпелы Самвэл Саакян актыўна ўдзельнічаў у судовым працэсе і быў адным з тых, хто патрабаваў зачытваць прысуд цалкам. Ён распавёў Еўрарадыё, што пракурор Аляксей Стук і суддзя Міхаіл Федарцоў з'яўляюцца сябрамі аднаго грамадскага аб'яднання.

4_5.mp3
"Мяне засмучае толькі той момант, што суддзя і пракурор галоўны знаходзяцца ў кіруючым органе аднаго грамадскага аб'яднання. Гэта "Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў".


Суддзя з'яўляецца першым намеснікам старшыні гэтай арганізацыі, а пракурор - сябра Цэнтральнай рады.


На думку праваабаронцы Людмілы Гразновай, у судзе так і не знайшлося адказаў на некаторыя пытанні.

5_5.mp3
"Сёння ўсё было горш, чым з боку абвінавачвання і следства. Суддзя нічога не пракаментаваў па відэа, якое было змантаванае, дзе быў паміжкадравы і ўнутрыкадравы мантаж. Ён сказаў, што гэта дапушчальныя доказы. Ён нічога не сказаў наконт таго, што там выяўлена на відэа, якія там людзі".


Сапраўды, суддзя прызнаў наяўнасць пакадравага мантажа, але не прызнаў унутрыкадравы мантаж. Гэта раўназначна сцвярджэнню, што відэа было проста парэзана на кавалкі і склеена ў файлы - і нічога болей. Хаця адвакат Кавалёва Станіслаў Абразей казаў і пра маніпуляцыі са зместам асобных кадраў.


Маці Ўладзіслава Кавалёва збіраецца абскарджваць прысуд, а пакуль звяртаецца да Лукашэнкі.

6_0.mp3
"Прысуд вынесены не па матэрыялах справы. Мой сын не вінаваты, ён не прымаў удзелу ў гэтым жудасным тэракце. Ён не злачынца. Суд вынес такое рашэнне толькі таму, што мой сын памяняў паказанні ў судзе. Я звяртаюся да прэзідэнта, нельга дапусціць судовую памылку".


Зараз Любоў Кавалёва напісала заяву, каб атрымаць спатканне з сынам. Дагэтуль яна мела з ім толькі адно спатканне, яшчэ да суду.


Па словах адваката Канавалава Дзмітрыя Лепрэтара, абскардзіць рашэнне можна толькі ў наглядным парадку. Таксама лёс абвінавачваных будзе вырашацца на камісіі па памілаванні.

7_0.mp3
"Мне складана сказаць, як Канавалаў успрыняў прысуд. Я да яго ў душу не залезу. Я думаю, у нас з ім яшчэ будзе размова наконт абскарджвання ў парадку нагляду, касацыйны парадак тут не магчымы. Але трэба будзе з ім узгадняць. Нягледзячы на яго прызнанне, я звярнуў увагу на некаторыя нестыкоўкі, якія ёсць у справе. Гэтае пытанне будзе яшчэ абмяркоўвацца на камісіі па памілаванні. Гэта абавязкова па кожным смяротным прысудзе".


Нягледзячы на некаторыя нестыкоўкі ў справе, на якія звярталі ўвагу адвакаты, суддзя палічыў доказы прымальнымі і абодвум абвінавачваным вынес смяротны прысуд. Калі падчас прысуду многія пачалі крычаць, Кавалёў прыклаў палец да вуснаў: жэстам паказаў маці, каб маўчала.

Меркаванні прысутных на судзе былі абсалютна рознымі.

8.mp3
- Правільны прысуд, абсалютна правільны. Па заслугах.


- Адмоўна стаўлюся. І здымкі ў метро не зразумелыя. Як суддзя сказаў, падабенства сярэдняе. Ну што гэта за доказ?


- Справядліва паставіліся. Добра, што ў нас пакіну смяротнае пакаранне. Вядома, шкада іх. Але трэба было раней думаць. Колькі людзей загінула...

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі