Мінскім графіцістам дазволілі размаляваць сметнікі і дзіцячыя пляцоўкі

120327 Martin Graffiti.mp3

Сталічныя ўлады запрасілі графіцістаў да ўпрыгожання горада. Пад роспіс пойдуць раёны старой забудовы. Агулам – каля 120 месцаў.

“Аб’екты размешчаныя па ўсім Мінску. Шмат месцаў і ў Фрунзенскім, Партызанскім раёнах. Гэта будуць сцены цеплатрас, бакавыя ўчасткі дзіцячых пляцовак, сметнікі, якія ўжо маюць неэстэтычны выгляд. Калі гэта дзіцячая пляцоўка, то можна было б намаляваць персанажаў савецкіх мульцікаў, ці сюжэты на тэму пары года”, – распавядаюць ва Упраўленні ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама.

“Аб’екты размешчаныя па ўсім Мінску. Шмат месцаў і ў Фрунзенскім, Партызанскім раёнах. Гэта будуць сцены цеплатрас, бакавыя ўчасткі дзіцячых пляцовак, сметнікі, якія ўжо маюць неэстэтычны выгляд. Калі гэта дзіцячая пляцоўка, то можна было б намаляваць персанажаў савецкіх мульцікаў, ці сюжэты на тэму пары года”.

Эскізы малюнкаў спачатку правераць сталічныя ўлады… А дапамагаць графіцістам будуць супрацоўнікі ЖЭСаў. На думку гарадскіх уладаў, так мінчане зразумеюць, што графіці легальнае.

“Мы зробім звязку з супрацоўнікамі ЖЭСу, каб яны былі побач, каб жыхары разумелі, што гэта афіцыйна… Бо можа быць розная рэакцыя”, – тлумачаць у Мінгарвыканкаме.

Роспісам гарадскіх сметнікаў і пляцовак зоймецца моладзевае аб’яднанне “Авангард”. Маляваць на сценах ужо гатовыя каля 20 чалавек.

“Мы распрацавалі праект нанясення графіці на сметніцы і з гэтай прапановай выйшлі да Мінгарвыканкама. І так атрымалася, што літаральна за некалькі дзён да гэтага ўлады горада абвясцілі вайну графіцістам, бо, насамрэч, вельмі вялікія страты для горада, калі графіці наносяцца ў неадпаведным месцы. Пачаўся дыялог, і мы вызначылі аб’екты ў Мінску, на якія можна было б і нават трэба было б нанесці графіці”, – кажа кіраўнік “Авангарда” Марат Абрамоўскі.

Цяпер "Авангард" шукае мастакоў. Распісваць старыя сцены плануюць не толькі балончыкамі, але і звычайнымі фарбамі і пэндзлямі. Малюнкі для кожнага з раёнаў будуць вызначаць па ўзросце жыхароў.

Марат Абрамоўскі: “Мы хочам яшчэ і ўлічваць узрост жыхароў раёна, дзе знаходзіцца аб’ект. Людзі старэйшага ўзросту не зразумеюць спайдэрмэнаў і бэтмэнаў, тут павінна быць штосьці больш адпаведнае”.

Адна з пляцовак, дзе дазволілі маляваць – дворык дома 34 па вуліцы Чкалава.

“Калі тупыя надпісы “тая любіць таго”,  то гэта не вельмі добра. А калі будзе прыгожа намалявана – добра”, - адказвае Андрэй, якога сустракаю ў двары, дзе хутка можа з’явіцца графіці.

Старшакласнік Максім, які вяртаецца са школы, таксама не супраць, каб упрыгожылі сметніцу ў двары.

“У Францыі – гэта дазволена. Калі гэта будзе прыгожа, я б паставіўся добра да графіці”.

Яшчэ адна пляцоўка, дзе, магчыма, намалююць графіці - двор ля кінатэатра “Кастрычнік”.

“Каб толькі гэтай гнілой цэглы не бачыць, дык пайшло б зусім звычайнае графіці”, – выказваецца наконт малюнкаў на сцяне тутэйшы жыхар Дзмітрый.

Плаціць за працу мастакам улады горада не збіраюцца. Нават балончыкі з фарбай давядзецца набываць самім, шукаць спонсараў.

“Зразумела, мы разлічваем на тое, што гэта будзе доўгатэрміновы праект, што мы будзем атрымліваць нейкія грошы хаця б на фарбу. Але на сённяшні дзень сітуацыя такая, што мы самастойна будзем шукаць спонсараў ці будзем прыносіць сваю фарбу”, – кажа кіраўнік “Авангарда” Марат і дадае, што на сёння адзін балончык з фарбай каштуе 40 тысяч. Каб зрабіць сметнік прыгожым, трэба хаця б пяць колераў – ужо, як мінімум, 200 тысяч.

"Зразумела, мы разлічваем на тое, што гэта будзе доўгатэрміновы праект, што мы будзем атрымліваць нейкія грошы хаця б на фарбу. Але на сённяшні дзень сітуацыя такая, што мы самастойна будзем шукаць спонсараў ці будзем прыносіць сваю фарбу”.

Фота 1: flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі