Мінскі гурт Re1ikt зноў шукае вакаліста

Гурт Re1ikt абвясціў кастынг для вакалістаў, прычым, ні пол, ні асноўная стылістыка выканання для музыкаў не істотныя. Галоўнае, каб яны сапраўды ўмелі спяваць. Сярод іншых асноўных патрабаванняў: узрост ад 18 гадоў, валоданне беларускай мовай, магчымасць выязджаць за мяжу і сапраўды сур’ёзнае стаўленне да заняцця музыкай. Дарэчы, менавіта апошняе патрабаванне і стала прычынай адмовы папярэднім кандыдатам.


“Было тры кандыдатуры, - распавядае басіст гурта Зміцер Наркевіч. – З двума вакалістамі супрацоўніцтва далей за размовы, на жаль, не зайшло. У іх не атрымлівалася, бо мы шукаем вакаліста для сур’ёзнага заняцця музыкай. Тут ужо выбар кожнага чалавека – аддаваць частку жыцця на музыку, ці не. А з адным вакалістам мы нават пачалі рэпетаваць, але ён вырашыў, што ў яго не атрымаецца. Таму і вырашылі пачаць больш масавыя пошукі новага вакаліста”.


Нагадаем, першапачатковы фронтмэн гурта Re1ikt Уладзімір Казлоў нечакана сышоў з калектыву напрыканцы мінулага года, праз тыдзень пасля прэзентацыі трэцяга альбома "Рэкі прабілі лёд".


Калі ў вас ёсць жаданне і здольнасць стаць новым вакалістам Re1ikt, то лістуйце на [email protected], ці звязвайцеся з удзельнікамі гурта праз сацыяльныя сеткі.


Re1ikt – беларускі гурт, які грае ў стылях art rock, alternative rock, post-rock. Піянеры беларускамоўнага post-metal. Каманда выдала 3 паўнафарматныя альбомы (“Едениц'es” (2006), “Клиника” (Go-Records, 2009), “Рэкі пад ільдом” (Vigma, 2011), акустычны міні-альбом “Vytoki” (2010), live-DVD, удзельнічала ў зборніках, выступала ў шматлікіх гарадах Беларусі, а таксама на фестывалях “Басовішча -2010”, “Бардаўская Восень” (2009 (Гран-пры), 2010, 2011) у Польшы, “BeFree-2009” ва Украіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі