Міністэрства культуры не выключае, што далучыцца да набыцця Статута ВКЛ

Музей гісторыі Магілёва праз інтэрнэт-аўкцыён спрабуе набыць Статут ВКЛ. Еўрарадыё даведалася, ці звычайная гэта практыка для музеяў.

“На міжнародных аўкцыёнах нічога не набываем, няма адпрацаванай юрыдычнай паперы. Нам мусяць неяк дапамагчы ў Міністэрстве культуры. Але пакуль няма ніякай падтрымкі”, - скардзяцца Еўрарадыё ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.

Летась музей атрымаў толькі 244 прац, у асноўным – сучасны жывапіс, малюнак, скульптура. Пры чым, 65 % – гэта дары. Гучныя ж знаходкі, накшталт Статута ВКЛ тут з’яўляюцца рэдка.

Супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея: “Была закупка па праграме “Культура”, цану вам казаць не буду, гэта Беларусь, Рубяжэвічы, XVIII стагоддзе, “Хрыстос уваскрэслы”. Зразумела, аўтар невядомы, дрэва, разьба, паліхромны роспіс. Гэта нібыта такі ўжо рэдкі прадмет”.

У Нацыянальным гістарычным музеі ў сталіцы таксама не цікавяцца аўкцыёнамі. Праўда, часам здараюцца здзелкі з прыватнымі калекцыянерамі:

“Вось не так даўно быў такі выпадак. Зараз стадыя афармлення, калі ўсё атрымаецца, то будзе закупка. Пакуль казаць не хацелася б, каб не сарвалася. Там таксама спонсарскія грошы і цікавыя рэчы”.

Тым часам у Міністэрстве культуры ўдзел у аўкцыёнах лічаць… немэтазгодным. І тлумачаць, чаму.

Міністэрства культуры: “Зразумела, што рынак вагаецца, на ім з’яўляецца шмат рарытэтных цікавых матэрыялаў, за якімі мы не зможам прасачыць. Калі рэзка будзем кідацца на гэтыя ваганні, тым больш будуць цэны. Рынак фарміруецца за кошт попыту і прапановы, і браць удзел у аўкцыёнах на ўзроўні Міністэрства культуры, пэўна, немэтазгодна”.

Што тычыцца жадання Музея гісторыі Магілёва набыць Статут ВКЛ без дапамогі дзяржавы, то яго ў Міністэрстве культуры тлумачаць проста – там самі выбралі такі шлях. І не выключаюць, што-такі далучацца да здзелкі.

Міністэрства культуры: “Калі б быў зварот, я не думаю, што нехта бы не адрэагаваў на дадзеную сітуацыю. Яны распачалі гэтую акцыю, а ў завяршэнні ўсё можа быць інакш: можа, Міністэрства культуры падключыцца на апошнім этапе і набудзе”.

Як даведалася Еўрарадыё, за адзін дзень 16 траўня на рахунак Музея гісторыі Магілёва паступіла каля 4-х мільёнаў рублёў. Усяго ж патрабуецца 45 тысяч долараў.

Фота: chatoff.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі