Мінчукі пазбаўляюцца ад хатніх катоў і сабак. Крызіс?

110829 Martin Koty.mp3

“Вельмі шмат пародзістых жывёл на вуліцы. Мне даводзілася і аўчарку прыстройваць, людзі прывязвалі і выкідалі на вуліцу, нават бульдога”, — распавядае Лілія Піклянкова, старшыня грамадскага аб’яднання “Ратаванне жывёл”.

Такая павальная тэндэнцыя пачалася год таму, шкадуе Лілія. Цяпер вельмі складана прыстроіць сабаку ці ката. Калі раней праз абвесткі ўдавалася знайсці новых гаспадароў, то яшчэ летась увосень гэта было складана, а цяпер — амаль немагчыма. І таму ёсць шэраг прычын…

“Вельмі падаражэў корм. Ён быў да 16 тысяч, а цяпер каля 40. І гэта не прафесійны корм, а звычайны. Падаражэла ветэрынарыя. Калі ў мінулым годзе стэрылізацыя коткі каштавала 40 тысяч, то цяпер больш за 130 тысяч”.


Яшчэ за 100 метраў ад часовага прытулку для жывёл па вуліцы Гурскага чуецца сабачы брэх. Прадпрыемства “Фаўна горада”, якому і належыць прытулак, займаецца адловам жывёл.

У такіх клетках сабакі жывуць у прытулку на Гурскага.

“За паўгода адлоўлена 1615 безнаглядных сабак і 1184 каты”, —  гаворыць намеснік начальніка “Фауны горада” Тамара Царыкоўская.

Але ўтрымліваюцца тут не толькі каты і сабакі, якіх злавілі на вуліцы. Як высветліла Еўрарадыё, людзі самі нясуць сваіх хатніх любімцаў, нават нягледзячы на тое, што калі не знойдуцца новыя гаспадары, катоў і сабак усыпяць.

Жывёлы тут вітаюць кожнага, хто прыходзіць.

“За паўгода ад людзей мы прынялі 1208 жывёлаў. Агулам: і сабак, і катоў”.


Для параўнання: за такі ж перыяд у 2010 годзе прынялі 936 жывёлаў, а ў 2009 — толькі 515. Атрымліваецца, праз гадавальнік за паўгода прайшло 4007 жывёл.

Так у прытулку на Гурскага жывуць коткі

На Гурскага сцвярджаюць, што апошнім часам намагаюцца захаваць жывёлаў як мага болей — і тых, каго адлоўліваюць, і тых, каго прыносяць людзі. Часам яны застаюцца тут больш за 5 сутак. За першае паўгоддзе, па словах Царыкоўскай, тут усыпілі толькі 3% ад усіх катоў і сабак, што прайшлі праз прытулак.  Але гэтыя лічбы ўсё адно ўражваюць.

“За паўгода ўсыпілі 591 сабаку і 85 катоў”.

Утрыманне аднаго сабакі ў суткі абыходзіцца прытулку ў 16 тысяч рублёў. Адзін кот у суткі каштуе крыху больш за 2 тысячы. Сабакі харчуюцца кашай з каўбасой і сухім кормам. Каты — кансерваваным кормам.

Часам за дзень сюды прыносяць да 20 жывёл. Людзі не кажуць, што пазбаўляюцца ад сваіх гадаванцаў праз грашовыя складанасці. Маўляў, жывёлу папросту знайшлі і прывезлі здаць. Толькі за 20 дзён жніўня ў прытулак аддалі амаль 90 сабак і 120 катоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі