Міліцыя абяцае знайсці ўсіх, хто ўдзельнічаў у патасоўцы на Нямізе

Ластоўскі: "Той правапарушальнік, які ехаў безбілетнікам, прыцягнуў увагу людзей, то бок справакаваў іх на агрэсію. Сам пры гэтым знік. Адзін з мужчын, які паддаўся гэтай агрэсіі, уступіў у слоўную сварку і пачаў усяляк перашкаджаць працы супрацоўнікаў міліцыі. Яму было прапанавана прайсці ў РУУС для разбору. Ён адмовіўся. Супрацоўнікі міліцыі выконвалі свой абавязак па ахове грамадскага парадку. Аднак людзі, якія знаходзіліся там, насуперак закону, які забараняе ў любой форме ўздзейнічаць на супрацоўніка міліцыі, які выконвае свае абавязкі, сталі перашкаджаць".


Спачатку ўсё адбывалася ў аўтобусе. Малады чалавек не хацеў плаціць за праезд, падняў паніку. Кантралёр звярнулася да супрацоўніка міліцыі, які ехаў у аўтобусе. Міліцыянты пачалі затрымоўваць заступніка, а сам безбілетнік збег.


"Гэты баязлівы хлапчына пабачыў, што заварыў кашу не на жарт, прабіў талон і знік. Я думаю, што яго выявяць, як зачыншчыка. Што датычыцца тых людзей, я лічу, яны будуць устаноўленыя ўсе да аднаго і прыцягнутыя да адказнасці. А адказнасць за гэта як адміністрацыйная, так і крымінальная".


Інфармацыю пра тое, што мужчына быў збіты, Ластоўскі абвяргае.


"Кроў магла з'явіцца ад той ранкі, якая ў яго з'явілася ў выніку барацьбы. Ён аб асфальт цірануўся. Свядома яго ніхто ўдарыць не мог. Паглядзіце на відэа і ўявіце, як і чым яго там маглі ўдарыць".


Праз пэўны час міліцыя дасць афіцыйны каментар на сваім сайце, калі ў гэтым будзе неабходнасць, дадаў Ластоўскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі