Міхаіл Захараў: За працу алімпійскім трэнерам я не атрымаў ні цэнта!

Міхаіл Захараў, які ўзначальваў нашу хакейную зборную на апошніх Алімпійскіх гульнях, склаў свае абавязкі адразу ж пасля завяршэння спаборніцтваў у Ванкуверы. Пра гэта ў гутарцы з Еўрарадыё паведаміў дзяржаўны трэнер па хакеі Генадзь Сцяпанаў.

Генадзь Сцяпанаў: "Міхаіл Захараў быў трэнерам толькі на перыяд Алімпійскіх гульняў. Калі ён хоча на чэмпіянат свету, то ён павінен заяўляцца зноўку — як новы трэнер".

Чакаецца, што 18 сакавіка адбудзецца справаздачна-выбарчая канферэнцыя Федэрацыі хакея. На ёй абяруць і новага кіраўніка арганізацыі. І толькі пасля гэтага будзе прызначаны новы трэнер.

Еўрарадыё пацікавілася ў Міхаіла Захарава, ці плануе ён заяўляцца ў якасці трэнера на чэмпіянат свету ў Нямеччыне.

Міхаіл Захараў: "Ну, шчыра кажучы, мне трэба падумаць. Я яшчэ нават не думаў. Гэта ж усё не так проста, як здаецца…"

Еўрарадыё:
А па гульні зборнай у Ванкуверы вашая ацэнка як трэнера якая?

Міхаіл Захараў: "Ну, хлопцы, імкнуліся, змагаліся. Але на сённяшні дзень згулялі, як змаглі. Я скажу, хлопцы выступілі годна! І гульцы на гэтым матчы выявілі свае найлепшыя якасці, свой гонар. А тое, што паўсюль пішуць: маўляў, гульні не было — няхай мне патлумачаць, што такое гульня! І няхай назавуць матч, дзе гульня была! Да прыкладу, вось зборная, якая існуе ўжо 8 гадоў — хай пакажуць: вось у гэтым матчы была гульня! І не трэба забывацца яшчэ, што два галоўныя гульцы, на якіх будуецца ўся зборная: Грабоўскі і Касціцын — на жаль, на гэтым турніры не выступалі. Калі б яны былі, я ўпэўнены, што гульня была б лепшая."

Еўрарадыё: У вас быў мандат на Алімпійскія гульні. А ці быў увогуле кантракт і да якога часу ён дзейнічае?

Міхаіл Захараў: "У мяне не было кантракту. Ані прэміяльных у нас не было ў зборнай ад Федэрацыі хакея. Толькі ад Міністэрства спорту ў нас была пэўная сума, вызначаная законам. У ніводнага трэнера, які працаваў у нацыянальнай зборнай, не было кантрактаў на паперы. Ані капейкі за тое, што я працаваў, я не атрымаў. Ані цэнту!"

Еўрарадыё: За працу алімпійскім трэнерам?

Міхаіл Захараў: "Так. Ані я, ані другі трэнер — ані капейкі не атрымалі."

Нагадаем, на Алімпійскіх гульнях нацыянальная зборная нашай краіны заняла 9 месца.

Фота з turnir.com.ua