Музыкі і літаратары сабралі 4 мільёны для ахвяраў тэракту

Мэта галоўнага арганізатара і натхняльніка дабрачыннага канцэрта для ахвяр тэракту ў мінскім метро Паўла Аракеляна дасягнутая: акцыя сабрала чатыры мільёны беларускіх рублёў. Грошы пойдуць на дапамогу пацярпелым Андрэю Ільіну і Яраславу Пясецкаму.

Сябра Андрэя Ільіна Дзмітрый

Пасля выбуху доктар Ільін аслеп. Яму зрабілі дзве складаныя аперацыі, вынік якіх будзе бачны праз два месяцы. Па словах сябра Андрэя, Дзмітрыя, сям’я доктара спадзяецца на лепшае і пакрысе робіцца весялейшай.

Дзмітрый: “Першы час было вельмі цяжка. У яго двое маленькіх дзетак: літаральна 6 месяцаў таму нарадзілася дачушка. Я быў у Андрэя на мінулым тыдні. Ён сказаў, што неяк яго жонцы і яму стала весялей, таму што яны адчулі падтрымку людзей, якія не засталіся абыякавымі, не прайшлі міма, не адвярнуліся ад праблемы і дапамаглі, чым маглі”.

Зінаіда Бандарэнка і Павел Пясецкі

Дзякуючы пратэзам зможа хадзіць Яраслаў Пясецкі, які ў трагедыі страціў абедзве нагі, кажа брат пацярпелага Павел.

Павел Пясецкі: “Самаадчуванне ў Яраслава, адносна таго, што было на пачатку – някепскае. Ён зараз поўны аптымізму і жадання паправіцца, выйсці зноў у свет і хаця б вярнуцца дадому ў лепшым выглядзе. На жаль, яму давялося перажыць гэтае непрыемнае здарэнне. На нашае шчасце, ён перажыў, ён вытрымаў, ён жывы. Яму давялося ампутаваць абедзве нагі. Але, мяркуючы па ўсім, ён зможа ўсё-такі хадзіць на пратэзах праз некаторы час”.

Анастасія Шпакоўская


Уладзімір Арлоў

Нагадаем, на адкрыты зварот Паўла Аракеляна, у якім гучала прапанова дабрачыннай акцыі, адгукнуліся шматлікія дзеячы культуры і неабыякавыя людзі. У канцэрце ўзялі ўдзел Наста Шпакоўская, Аляксандр Памідораў, гурты Акана, Троіца, The Outsiders, салісты опернай студыі Яўген Глебаў і Вольга Перагуд, кампазітар Святлана Шэіна, літаратары Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Вольга Гапеева, Віталь Рыжкоў, Анатоль Івашчанка. Вяла імпрэзу Зінаіда Бандарэнка. Сваім учынкам культурныя людзі краіны паказалі прыклад. Гэта меў на ўвазе юрыст і супрацоўнік дабрачынных фондаў Яраслаў Кот.

Яраслаў Кот

Яраслаў Кот: “Вы бачыце, тут сабраліся людзі розных культурных традыцый і палітычных поглядаў. Але галоўнае, што нас аб’ядноўвае, што мы ўсе грамадзяне гэтай краіны, мы ўсе – беларусы, і мы ўсе падтрымліваем адно аднаго. Мне сумна, што мы тут сабраліся, аднак трэба гэта рабіць часцей, бо ёсць людзі, якім патрэбна наша дапамога. Мэтай з’яўляецца не толькі дапамога. Мы хочам паказаць прыклад, каб так рабілі ўсе. Падтрымлівайце адно аднаго, каб людзі не адчувалі сябе самотнымі ў цяжкі час. Тады мы будзем жыць у краіне, у якой бы мы хацелі, каб жылі нашы дзеці”.

Акана

Мінуў месяц пасля сумных падзей красавіка, і людзі паціху пачалі вяртацца да сваіх штодзённых спраў і забывацца пра трагедыю.

“Мне падаецца, што людзі апынуліся некалькі кінутымі сам-насам са сваім няшчасцем, – кажа спявачка Наста Шпакоўская, камерны сэт якой парадаваў беларускамоўнымі кампазіцыямі. - Давайце ў сваім сэрцы захоўваць адчуванне блізкай бяды, таму што, як аказалася, жыццё настолькі непрадказальнае, настолькі кволае, што згубіць яго вельмі проста, і гэта можа адбыцца зусім нечакана. Мне хочацца, каб мы ўсе былі жывыя і адкрытыя да тых страшных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне”.

Анастасія Шпакоўская

На думку Аляксандра Памідорава, сваю місію акцыя выканала.

Аляксандр Памідораў: “Збольшага гэта культурніцкая рэч на ўзроўні свядомасці ці самасвядомасці. Бо я ведаю, што падчас канцэрта 4 ці 5 тысяч чалавек наведала старонку з онлайн-трансляцыі. Гэта падзея! Падзея адбылася, людзі выказалі сваё стаўленне да таго, што адбываецца, сваё спачуванне. Мне падаецца, што мэта дасягнутая”.

Аляксандр Памідораў

Алесь Разанаў

Святлана Шэіна

Выкананне твора Святланы Шэінай студэнтамі БДАМ

Хочацца спадзявацца, што канцэрт для ахвяр тэракту не будзе адзіным у сваім родзе, што тыя, каму патрэбна дапамога і добрае слова не застануцца сам-насам з бядой, а тыя, чые зорачкі зніклі з нябёсаў, патрапяць у Рай.

Іван Кірчук: “Старыя людзі казалі, што чалавек – гэта як зорачка. І не вядомы той час, калі зорачка павінна з’явіцца на зямлі, а потым адляцець у неба. На жаль, адлятаюць душы нашых продкаў, і жыхароў горада, і Беларусі, але, відаць, такі лёс у кожнай зорачкі. Мы таксама з вамі сёння на зямлі, але будзе той час, калі мільгнем там – у космасе ці ў небе".

Троіца

Вольга Гапеева

Яўген Глебаў

Анатоль Івашчанка

Вольга Перагуд

Віталь Рыжкоў

Ініцыятар акцыі Павел Аракелян

Алена Аракелян

The Outsiders

Фота: Павел Бакшэеў



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі