Медыкі: Аплата лячэння беларусаў за мяжой супярэчыць... імпартазамяшчэнню!

120419 Nasta Med.mp3

Трансплантацыя ныркі для замежніка каштуе ад 27 тысяч долараў, пячонкі — ад 45 тысяч, коснага мозгу — ад 93 тысяч. Ігнату Серабру, каб паехаць лячыцца ў Кітай, трэба 8 тысяч долараў, Федзю Седышову — 27, Дзіму Няведамскаму — 7 тысяч еўра.


Дзецям адкрылі дабрачынныя рахункі і шукаюць грошы не ў дзяржавы.


"Чаму б грошы ад замежнікаў не накіроўваць на лячэнне нашых дзяцей за мяжой?" — падумала Еўрарадыё. Але не ўсё так проста. Аказваецца, гэта не прадугледжана заканадаўствам.


“На якой падставе мы можам атрыманы прыбытак накіроўваць на лячэнне хворых? У нас няма такога заканадаўства. Мы не можам так рабіць. У нас ёсць прыбытак, ён належыць арганізацыі аховы здароўя. Арганізацыя аховы здароўя згодна з пастановай Савета міністраў, у адпаведнасці з там усталяванымі накірункамі, можа іх расходваць. Куды захочацца — не атрымліваецца”, — тлумачыць Еўрарадыё супрацоўніца ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аксана Рыбакова.


А яшчэ такое пераразмеркаванне немагчыма з-за… “праграмы развіцця экспарту”!


Аксана Рыбакова: “Мы павінны імпарту меней, а экспарту болей… Гэта супярэчыць нацыянальнай праграме развіцця экспарту. Мы павінны ўсё рабіць у сябе. У прынцыпе, большасць і робіцца. Так, ёсць выпадкі, якія выходзяць за межы… але яны рэдкія і адзінкавыя”.


3 мільёны долараў (!) плануюць сёлета атрымаць ад замежнікаў у мінскай 9-й клінічнай бальніцы. Самы вялікі прыбытак клініка зарабляе ад перасадак органаў замежнікам.


“За першы квартал мы экспартавалі медыцынскіх паслугаў на 654 тысячы долараў”, — кажа галоўны ўрач 9-й бальніцы Валерый Кушнірэнка. Ідуць грошы… на падаткі, на заробкі дактарам, на закупку медыкаментаў і асноўных сродкаў. “Большая частка гэтых грошай узнаўляецца ў бюджэт”, — кажуць у 9-й бальніцы.


За грошы ад замежніка бальніца можа набыць, напрыклад, кушэтку ці… інгалятар.


“На прэміраванне работнікаў, купляем абсталяванне… Натуральна, што камп’ютарны тамограф не купіш. Але якую-небудзь кушэтку для масажа, напрыклад, можна, або інгалятар, або штосьці такое не вельмі дарагое”, — тлумачыць Аксана Рыбакова.


Паводле слоў спецыяліста, у Магілёўскай вобласці замежнікі лечаць у асноўным анкалагічныя захворванні.


Аксана Рыбакова: “Замежнікі зацікаўленыя, таму што тут танней лячэнне. І ў той жа час гэта даступна… Дапусцім, на тэрыторыі краінаў СНД некаторыя віды проста недаступныя — або вялікая чарга, або пацыент павінен невядома якія кіламетры ехаць, каб атрымаць гэтую дапамогу. Напрыклад, я такое заўважыла ў анкалогіі”.


Прыбытак ад аказання медыцынскай дапамогі замежнікам у Магілёўскай вобласці за студзень-люты 2012 года ў параўнанні з такім самым перыядам мінулага года ўзрос у 2,5 разы і склаў каля 43 тысяч долараў. За тры месяцы гэтага года лічба ўзрасла да 62 тысяч долараў.


Магіляўчанцы Алене Пучковай на лячэнне пазваночніка трэба 13680 еўра, чатырохгадовай Караліне Кліменковай з Магілёву збіраюць грошы на трансплантацыю кішэчніка ў Маскве…

Фота: help.blog.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі