Машыны ля будынка БДУ, які гарэў, стаяць і на наступны дзень пасля пажару

121123_martynovi4_dai.mp3

У чацвер раніцай ратавальнікі не змаглі пад’ехаць на пажар да будынку БДУ па Рэвалюцыйнай вуліцы з-за прыпаркаваных машын.

“Частка тэхнікі спынілася на значнай адлегласці, ратавальнікі на руках пераносілі неабходнае абсталяванне”, — расказвае прэс-сакратар Міністэрства па надзвычаных сітуацыях Віталь Навіцкі.

У гэтым корпусе — юрыдычны каледж і інстытут бізнэса і мэнэнджмента БДУ.

Па іроніі, будынак міністэрства надзвычайных сітуацый знаходзіцца на той жа вуліцы, крыху больш за сотню метраў ад пажару.

Кіруемся праверыць, ці прыбралі машыны на Рэвалюцыйнай на наступны дзень. Уся вуліца перад будынкам БДУ застаўленая машынамі па абодва бакі, хоць, стаіць знак, які забараняе паркоўку. Мала таго: застаўленыя і суседнія вуліцы.

Машыны перад будынкам БДУ

Вахцёр будынка запэўнівае Еўрарадыё, што пад’езд блакуюць… самі студэнты.

“Машынамі усё застаўлена. Калі аварыя — згарыць усё. Вось прыязджае смеццявоз і ён едзе асцярожна, бо не дай Божа зачэпіць — прыйдзецца плаціць. Разгарадзіць гэтую вуліцу — цэлая праблема. Студэнт, якому 19 гадоў і ён мае правы, ён ужо прыязджае на крутым джыпе на заняткі”, — наракае вахцёр.

І ніводнага супрацоўніка ДАІ!

Суседнія вуліцы таксама застаўленыя машынамі

Студэнт БДУ Антон з-за пажару атрымаў дадатковы выходны.

Антон: “Прыйшоў, сказалі нешта з праводкай здарылася. Дым не бачыў, потым ізвяшчальнік запішчаў. Усіх адпусцілі”.

Яго аднакурсніцу Кацярыну эвакуявалі з пары англійскай мовы.

Кацярына: “У нас была англійская. Нас адпусцілі раней, потым ратавальнікі прыехалі. Стаялі чакалі рашэння дэкана. Машыны тут заўжды стаяць. Калі яшчэ ездзілі на дзень адчыненых дзвярэй не было месца прыпаркавацца”.

У сталічнай ДАІ Еўрарадыё абяцаюць разабрацца з машынамі на Рэвалюцыйнай у хуткім часе.

“ДАІ Цэнтральнага раёну будзе працаваць над гэтым. Бо калі ёсць парушэнні, яны будуць спыняцца. Гэта не застанецца без увагі”, — упэўніваюць нас у ДАІ.

Незразумела, чаго чакаюць у ДАІ, бо прыпаркаваныя ля будынка БДУ машыны — парушэнне правілаў дарожнага руху.

Знак забароны паркоўкі

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі