Martin S: Людзі выйдуць з канцэрта ці натхнёныя, ці скажуць, што лажа

Мінскі гурт Martin S (які з'явіўся на базе калектыва пад гучнай назвай “MozArt”) збіраецца зладзіць канцэртную прэзентацыю свайго аднайменнага дэбютнага альбома, які нядаўна быў выкладзены у сеціва.

Дэбютнік Martin S з’яўляўся цягам апошняга года па частках. Выйшлі тры розныя AP (Album part — альбомная частка, як называе іх гурт) з трыма песнямі ў кожнай. Называліся яны “Red”, “Blue” ды “Green”. На фінальны ж дыск дадаліся яшчэ інтра-аўтра ды песня “Блізкі”, якой Martin S так і не здолелі падабраць колер.

Прэзентаваць дэбютны альбом музыкі будуць у Re:Public 6-га снежня. Цягам пільных назіранняў за рознымі канцэртамі гурт вырашыў, што высветліў, чаго ж не хапае нашаму слухачу і абяцае даць гэта падчас свайго выступу.

“Мы паспрабуем зрабіць візуалізацыю таго, што спяваем. На дапамогу мы запрасілі эксперыментальны тэатр “Галава-Нага” ды электронны праект “Іver”, які будзе дапамагаць з музычнай афарбоўкай. Я думаю, што людзі выйдуць з канцэрта альбо цалкам натхнёныя тым, што мы рабілі, альбо скажуць, што гэта нейкая лажа. Але такіх, якім будзе паралельна быць не павінна”, — перакананыя Martin S.

Дэбютнік гурта з тоеснай назвай “Martin S” можна будзе набыць падчас прэзентацыі, пасля яе дыск з’явіцца і ў крамах па ўсёй краіне. Цяпер яго можна скачаць і паслухаць на старонцы гурта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі