Любы прафесар з Гарварда можа з’явіцца ў аўдыторыі беларускага універсітэта

111103 IsakauS.mp3

Еўрарадыё: Ствараючы праект Аватар,
вы, напэўна, натхняліся фільмам Кэмерана “Аватар”?


Сяргей Ісаакаў: Я глядзеў фільм “Аватар” тры разы. І пасля трэцяга
прагляду мы з Мікалаем сустрэліся і вырашылі стварыць такі праект. Сённяшнія
тэхналогіі дазваляюць перанесці свядомасць чалавека ў любую кропку планеты, дзе
ёсць аватар. То бок, вы бярэце ў арэнду цела іншага чалавека і такім чынам
можаце перамяшчацца ў іншым месцы.

Напрыклад, вы хочаце патрапіць на выставу ў Японіі. Вы наймаеце там
спецыяльнага чалавека – аватара, і праз яго ходзіце па выставе, глядзіце,
размаўляеце з людзьмі. У аватара ёсць акуляры з убудаванай вэб-камерай, праз яе
вы бачыце ўсё, што бачыць гэты чалавек.

Усе патрэбныя тэхналогіі існуюць ужо сёння, акуляры з відэакамерай, скайп
для злучэння. Літаральна ўчора мы адкрылі партал, дзе могуць рэгістравацца тры
тыпы карыстальнікаў: заказчык, які хоча вандраваць такім чынам, аватар, і трэці
тып – перакладчык. Калі аватар не ведае вашай мовы, вы падключаеце
перакладчыка, які будзе ўдзельнічаць у вашай размове. На партале гэта лёгка
зрабіць і такім чынам вы зможаце вандраваць.

Еўрарадыё: Аватар – істота
платная. Вам не падаецца, што які-небудзь вычварэнец можа захацець, напрыклад
дакрануцца да жанчыны дзесьці ў Японіі?


Сяргей Ісаакаў: Прымяненне тэхналогій абмяжоўваецца толькі
фантазіяй. З дапамогай аватара, напрыклад, інваліды змогуць вандраваць там, дзе
захочуць. У тым ліку
з’явіцца на пляжы ў целе прывабнага мужчыны ці жанчыны, пафліртаваць з кімсьці.

Еўрарадыё: Слухачы цікавяцца, ці будзе сэкс праз аватары?


Сяргей Ісаакаў: Мы не можам кантраляваць, што будуць рабіць
карыстальнікі на партале. Заказчык заходзіць на партал, у патрэбнай краіне
знаходзіць аватара і перакладчыка, яны дамаўляюцца паміж сабой, там жа і
расплочваюцца. На партале, калі аватар запаўняе сваю старонку, ён дакладна
пазначае, чаго ён не будзе рабіць. Такім чынам аватары адразу адсейваюць
кліентаў.

Еўрарадыё: А дзе вы ўзялі
грошы на рэалізацыю гэтага праекта?


Сяргей Ісаакаў: Гэта грошы нашых інвестараў. Мы прайшлі стадыю
стартапа, калі бізнэс-анёлы ўкладалі грошы. Частка – нашыя грошы і грошы нашых
сяброў, якія паверылі ў нашу ідэю.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, ваш праект стане папулярным?


Сяргей Ісаакаў: Праект сэканоміць грошы кампаніям. Ім не трэба будзе
лётаць на выставы, на канферэнцыі, можна будзе выкарыстаць аватара. А тое, што
эканоміць грошы, заўсёды прыцягальнае. Багатыя людзі змогуць узяць аватара ў
супермаркеце, які паходзіць па краме, а супермаркет потым пакупкі даставіць.

Еўрарадыё: Адзін са стваральнікаў праекта – беларус. Што
праект можа прынесці нашай краіне?


Сяргей Ісаакаў: Змяняецца сама мадэль бізнэс-адукацыі. Уявіце, што любы
прафесар з Гарварда можа з’явіцца ў аўдыторыі беларускага універсітэта ў целе
аватара і выкладаць, у тым ліку з перакладчыкам, выкладчык зможа хадзіць па
аўдыторыі, падыходзіць да груп студэнтаў. Студэнты будуць бачыць выкладчыка на
маніторы на грудзях аватара і змогуць размаўляць ім. З іншага боку студэнты
могуць не ляцець напрыклад вучыцца ў Гарвард, а з’явіцца на занятках у выглядзе
аватара і прайсці нейкі курс. Калі ён выдасць даверанасць, то нават дыплом можа
атрымаць аватар. То бок усё залежыць толькі ад фантазіі.