Лідзінгтан: Нам вельмі хацелася б мець дыялог з Беларуссю

Еўрарадыё: Днямі кіраўніцтва Англіі выступіла з досыць жорсткай заявай наконт сітуацыі ў Беларусі і канкрэтна па сітуацыі з палітвязнямі – Андрэем Саннікавым ды Змітром Дашкевічам. Як вы мяркуеце, ці падтрымаюць астатнія краіны ЕС такую прынцыповую пазіцыю Англіі?

Дэвід Лідзінгтан: Я веру ў тое, што астатнія краіны падтрымаюць нас у гэтым. Бо мы выступаем за свабодную і дэмакратычную Беларусь. Беларусь жа з’яўляецца адной з краін Еўропы. Да таго ж, Беларусь падпісала пакт ААН “Аб грамадзянскіх і палітычных правах”, а таксама канвенцыю “Аб абароне правоў зняволеных і стаўленні да зняволеных”. І мы спадзяемся, што яна будзе выконваць свае абавязацельствы. Бо Беларусь мусіць выконваць свае абавязацельствы!

Я сустракаўся ў Варшаве з прадстаўнікамі беларускіх палітычных партый і яны таксама казалі пра тое, што ў турмах зняволеных катаюць і ставяцца не па-чалавечы, здзекуюцца і прыніжаюць. Размова ў нас ішла і пра Саннікава, і пра Дашкевіча, і пра Статкевіча, пра Уса і Бандарэнку. У дачыненні да ўсіх гэтых людзей прымяняюцца нечалавечыя адносіны.

У гэтай сувязі я нагадаў пра тое, што і супрацоўнікі турэмнай адміністрацыі павінны выконваць правілы, датычныя выканання патрабаванняў аб захаванні фізічнага і псіхічнага здароўя асуджаных. Але, тым ня менш, яны гэтыя правілы парушаюць. Такім чынам мы маем, што да палітзняволеных ставяцца няправільна. Гэтым парушаюцца не толькі ўсе еўрапейскія стандарты, але і “Лісабонская дамова”.



Еўрарадыё: Стала вядома, што Польшча выдзяляе вялікія грошы для Беларусі ў спецыяльны фонд. Як вы ставіцеся да такой ініцыятывы? Ці не падаецца вам, што еўрапейцы пачалі-такі гандлявацца з Лукашэнкам за палітвязняў?

Дэвід Лідзінгтан: Я не буду каментаваць выдзяленне сродкаў у які б там не было фонд – хай сабе недзяржаўны ці нават прыватны. Аднак я хачу адзначыць, што мая пазіцыя застаецца прынцыповай: мы б, у прынцыпе, хацелі мець дыялог з Беларуссю, аднак гэты дыялог не можа адбыцца. Да таго часу, пакуль у Беларусі не будзе сапраўднага плюралізму і сапраўднай палітычнай свабоды. Пачынаючы з 19 снежня сітуацыя ў Беларусі развівалася насуперак гэтым нашым прынцыпам. А ўлічваючы паводзіны спадара Лукашэнкі, нам з цяжкасцю верыцца ў яго цяперашнія абяцанні (вызваліць усіх палітзняволеных – Еўрарадыё). Мы не будзем распачынаць ніякага дыялогу пакуль не будуць вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітзняволеныя. Гэта тое, што ўлады абавязаныя выканаць на шляху да аднаўлення правоў чалавека ў Беларусі. Якія ў дадзены момант вельмі сур’ёзна парушаюцца. А кажучы пра парушэнні правоў чалавека, я кажу не толькі пра парушэнні палітычных правоў палітычных партый, але і парушэнні ў галіне грамадзянскай супольнасці, няўрадавых арганізацый.

Еўрарадыё: Брытанскія юрысты пачалі збіраць неабходныя дакументы з мэтай распачаць крымінальны пераслед Лукашэнкі. Як вы лічыце, наколькі рэальна прыцягнуць да адказнасці кіраўніка Беларусі?

Дэвід Лідзінгтан: Найперш – у Вялікабрытаніі суды цалкам незалежныя. Да таго ж, сам факт пачатку такой справы пакажа уладам нашай краіны, што грамадзяне Велікабрытаніі лічаць рэжым Лукашэнкі непрымальным. Больш за тое, што гэты рэжым – сорам для ўсяго свету. Нам вельмі хочацца, каб асноўныя свабоды ў Беларусі не парушаліся. Гэтыя свабоды можна пералічваць доўга. Але найперш размова ідзе пра свабоды сходаў, свабоду сумлення, свабоду асацыяцый. Вялікабрытанія зробіць усё для таго, каб беларускі рэжым быў падкантрольны беларускаму народу. І каб ў будучым была магчымасць прыцягнуць да адказнасці тых, хто сёння гэтыя свабоды парушае. А таксама мы будзем рабіць усё магчымае, каб дапамагчы тым людзям, якія змагаюцца з рэжымам.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі