Лёс сямімільярдных дзяцей Беларусі будуць адсочваць

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя 31 кастрычніка правялі акцыю, мэта якой — прыцягнуць увагу грамадскасці, сродкаў масавай інфармацыі да важнасці дэмаграфічных праблем у краіне і свеце, падкрэсліць асаблівую значнасць кожнага чалавека. Больш падрабязна пра акцыю ў эфіры Еўрарадыё расказала каардынатар праграм ААН у галіне народанасельніцтва Таццяна Гаплічнік.

111031 GaplichnikS.mp3

Еўрарадыё: Адкуль пайшла ініцыятыва даваць сертыфікаты ўсім, хто нарадзіўся 31 кастрычніка? 

Таццяна Гаплічнік: Розныя краіны вырашылі па-рознаму. Ужо з’явілася інфармацыя пра канкрэтных сямімільярдных дзетак, што нарадзіліся ў розных краінах. Насамрэч мы вырашылі, што свет сямі мільярдаў – гэта свет, дзе важны кожны чалавек. І невыпадкова лозунг нашай арганізацыі – фонда ААН у галіне народанасялення акурат - “Важны кожны”. Сёння сапраўды ад кожнага ў свеце залежыць, як мы будзем жыць, у якім свеце, і мы ствараем гэты свет. Таму нам падалося, што важна, каб кожнае дзіця, што нарадзілася ў гэты дзень, адчула сваю прыналежнасць да гэтага, каб сям’я адчула сваю прыналежнасць.  

Еўрарадыё: А колькі дзяцей сёння нарадзілася?

Таццяна Гаплічнік: Да дванаццатай ёсць запас часу. Заўтра да абеду мы пастараемся падлічыць дакладна, сабраць усе звесткі з рэспублікі. Мы надрукавалі 350 сертыфікатаў, але дзетак народзіцца менш.

Еўрарадыё: А ці атрымаюць сем’і штосьці ў дадатак да сертыфікату? 

Таццяна Гаплічнік: Першапачаткова, плануючы гэтую акцыю, мы гаварылі толькі пра сертыфікаты. Гэтыя сертыфікаты мы перадалі праз камітэты па працы ва ўсе вобласці. Сёння ў Мінск і Барысаў, куды прадстаўнікі ААН разам з партнёрамі з Міністэрства працы, Міністэрства аховы здароўя, дыпламатычнага корпуса прыязджалі віншаваць – мы прывезлі падарункі. Я ведаю, што ў многіх вобласцях мясцовыя ўлады таксама ініцыявалі віншаванні. Па-рознаму склалася.

Еўрарадыё: А вы не баіцеся, што праз колькі год падрослыя сямімільярднікі будуць высвятляць паміж сабой, хто з іх сапраўдны?

Таццяна Гаплічнік: Я думаю, гэта наўрад ці. Апроч таго, калі глядзець у маштабах планеты, то беларусам давядзецца высвятляць гэта з Індыяй і Кітаем, я не думаю, што гэта канструктыўны падыход. Размова ідзе акурат пра тое, што свет сямі мільярдаў – гэта свет партнёрства, свет унёску кожнага, свет, у якім надзеі рэалізуюцца праз супольную актыўнасць.

Еўрарадыё: Ці плануюцца нейкія ільготы для сямімільярдных дзяцей? Напрыклад, пры паступленні ў ВНУ?

Таццяна Гаплічнік: Да іх паступлення ў нас ёсць яшчэ час. Калі будуць паступаць, тады будзем абмяркоўваць гэтае пытанне з Міністэрствам адукацыі. Прынамсі, мы хацелі б адсочваць гэтых дзяцей. Мы маем план скласці спіс, і сачыць за іх лёсам так, як сёння свет сочыць за лёсам шасцімільярднага жыхара, які нарадзіўся ў Сараева, жыве ў сваёй сям’і, цікавіцца футболам, яму зараз дванаццаць год.

Еўрарадыё: Чаму, на вашую думку, у Беларусі нараджаецца ўсё менш дзяцей?

Таццяна Гаплічнік: Насамрэч, гэта агульнасусветная тэндэнцыя, нават не агульнаеўрапейская. Ва ўсіх краінах свету, нават там, дзе нараджаецца 5-7 дзяцей, іх нараджаецца менш чым раней. Нават у такіх краінах, як Іран, за апошнія 20 год нараджальнасць знізілася ад 7 да 1,9 дзяцей на адну жанчыну на працягу яе жыцця. Іншая справа, што калі раней замест трох дзетак у сям’і было двое, то зараз гэта адно дзіця. І гэта становіцца дэмаграфічнай праблемай.

Еўрарадыё: Ці можна зрабіць штосьці, каб мамы не баяліся нараджаць, асабліва ў Беларусі ў час крызісу?

Таццяна Гаплічнік: Дэмаграфічныя працэсы вельмі павольныя. На іх вельмі моцна ўплывае структура насельніцтва. У нас у Еўропе ёсць паспяховыя прыклады Францыі і скандынаўскіх краін, якія замглі падняць нараджальнасць да 1,9-2. Гэта заняло ў іх вельмі шмат часу. З іншага боку, гэта не толькі працэс падтрымкі сем’яў і маці. Вельмі важны аспект большага ўдзелу мужчын у сям’і. Каб клопат пра дзяцей не быў падвойнай нагрузкай жанчыны, яе адказнасцю. Палітыка прасоўвання ролі мужчыны ў сям’і, аж да таго, што мужчына проста абавязаны браць нейкую частку дэкрэтнага адпачынку, інакш яна прападае і не аплочваецца – гэтая палітыка прыносіць вынікі.

Еўрарадыё: Ці ёсць у нас штосьці падобнае?

Таццяна Гаплічнік: У нас мужчына, як і кожны іншы член сям’і, можа ўзяць дэкрэтны адпачынак. Але па дадзеных Міністэрства працы, рэальна гэта дзесьці адзін адсотак. Таму гэта пытанне установак, стаўлення да ролі мужчыны ў сям’і і грамадстве. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі