"Ланская шмат працуе, удасканальвае сваю англійскую, вакал...”

Еўрарадыё: Ці ёсць, на ваш погляд, неабходнасць у замене песні для Алёны Ланской?

Вольга Шлягер: Правіламі не забаронена мяняць песню. І я не бачу нічога дрэннага ў тым, што мы шукаем варыянты лепшыя. Песня "Rhythm of Love" выдатная, аўтары нашы беларускія вялікія малайцы, з гэтым ніхто не спрачаецца, але — няма мяжы дасканаласці! Калі ёсць матэрыял, з якога можна выбіраць, то чаму б — не, час нам дазваляе.

Еўрарадыё: Але наколькі гэта мэтазгодна?

Вольга Шлягер: Будзе прынятае гэта рашэнне, тады і будзем абмяркоўваць — мэтазгодна гэта ці не. Думаю, заўтра раніцай ужо будзе вынесенае нейкае рашэнне.

Еўрарадыё: Прадзюсар Алёны Дзмітрый Баранаў расказаў Еўрарадыё, што ў актыве — 64 песні, але ў прыярытэце — 4. Вы іх чулі?

Вольга Шлягер: Зразумела, я чула ўсе песні. І я згодная з той чацвёркай песень, якая прызнаная экспертнай камісіяй самымі моцнымі. Дзве з гэтых песень — беларускіх аўтараў.

Еўрарадыё: Але ў сацсетках увага акцэнтавалася на адной песні — бельгійскага кампазітара Марка Пэлінка "Solayoh"…

Вольга Шлягер: Магчыма, яна спадабалася больш таму, хто яе выставіў, я ж не ведаю! Мы вяртаемся да пытання, што наконт густаў не спрачаюцца, конкурс непрадказальны і гэтак далей. Гэта — меркаванне суб’ектыўнае. Я не музычны прадзюсар у дадзеным выпадку — я такі ж слухач, як і ўсе вы.

Еўрарадыё: Вось мне і цікава ваша меркаванне наконт гэтай песні, як звычайнага слухача.

Вольга Шлягер: Тая чацвёрка песень, што найперш абмяркоўваюцца, — яны адназначна лепшыя!

Еўрарадыё: Чаму нічога не чуваць пра еўрапейскі проматур Ланской?

Вольга Шлягер: Наша артыстка вельмі працавітая, яна шмат працуе, але калі мы штодня па секундах яе графік не распісваем, то гэта нічога не азначае. Але яна шмат працуе, удасканальвае сваю англійскую, вакал і гэтак далей. Праца ідзе каласальная, у яе вельмі напружаны і складаны графік. А тэрміны… зараз, магчыма, будзе больш актыўны тэмп у яе. Будзе ў яе і проматур, і ўсё ў яе будзе! Паездкі ж таксама не павінны быць без мэты — усё гэта прапрацоўваецца, на гэта спецыяльна навучаныя людзі працуюць.

Еўрарадыё: Ёсць ужо рэжысёр-пастаноўшчык нумара Ланской?

Вольга Шлягер: Белдзяржтэлерадыёкампанія, паводле ўмоваў новага Палажэння, у абмеркаванні гэтага бярэ ўдзел, але і сам нумар, і касцюмы да яго робіць сам выканаўца і яго прадзюсарская група.

Еўрарадыё: Хто будзе ў выніку прымаць канчатковае рашэнне наконт песні для "Еўрабачання"?

Вольга Шлягер: Мне падаецца, што тут, мякка кажучы, трэба ўлічваць, як сама артыстка гэта адчувае, наколькі ёй камфортна выконваць тую ці іншую кампазіцыю. Гэта — яе настрой, яе стан, і тут сфальшывіць ніяк нельга, бо глядач гэта адчувае: шчырасць адчуваецца, і фальш заўсёды бачная.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі