Крэдыт “Выгадны” пад 100% гадавых або “Камфортны” пад 98%?!

130212_savi4_kredit.mp3

Пра адмену ўсіх-усіх схаваных плацяжоў радасна кажуць ледзь не ва ўсіх інфацэнтрах камерцыйных банкаў і выдаюць гэта за дадатковы плюс хуткіх грошай пад велізарныя працэнты.

Але, да прыкладу, у банку “Масква-Мінск” проста “забываюць” сказаць пра поўную працэнтную стаўку па спажывецкіх крэдытах.

“Мы рады вам прапанаваць крэдыт на 15 мільёнаў пад 7% у месяц”, — кажуць у цэнтры, і толькі пасля заўвагі даюць інфармацыю і пра поўную працэнтную стаўку — ажно 84% у год.

Цягнуць інфармацыю пра крэдыты прыходзіцца ледзь не сілай, і пасля чарговага нагадвання дзяўчына называе і суму пераплаты: калі ўзяць у “Масква-Мінску” 15 мільёнаў, праз год трэба будзе аддаць амаль 7 мільёнаў звыш пазыкі!

У “Прыёрбанку” на пытанне Еўрарадыё, ці часта бяруць у іх спажывецкія крэдыты, нявесела пагаджаюцца:

“Бяруць, калі людзям неабходна… Стаўкі не змяніліся, проста стала поўная працэнтная стаўка, карціна засталася такой жа…”.

Нацыянальны банк ад прагнозу, як складуцца адносіны паміж крэдытаатрымальнікамі і камерцыйнымі банкамі, што выдаюць хуткія грошы, адмаўляюцца:

“Гадаць на кававай гушчы не будзем, і рана пра гэта казаць, бо пакуль няма статыстыкі, але хацелася б, каб нашы грамадзяне бралі крэдыт абдумана і не паддаваліся на жаданне “хачу”, а потым ужо думалі, як яго аддаваць”.

Цікава, якія могуць быць жаданні ў людзей, якія не гледзячы падпісваюць дакументы на атрыманне крэдыту больш чым пад 100% гадавых?


А такіх крэдытаў зашмат.

Крэдыт “Прадпрымальны” — пад 78% гадавых, “Камфортны адкрыты” — пад 98% гадавых! Вельмі прадпрымальныя і вельмі камфортныя крэдыты, але толькі для банкаў.

Крэдыт “Сацыяльны лаяльны” спецыяльна для пенсіянераў пад 55% гадавых, “Рэнесанс лаяльны” — пад 62%: як і каго адраджае гэты крэдыт, не зразумела. Акцыя “Сяброўства ўзбагачае” на крэдыт як бы намякае: павесь крэдыт не толькі на сябе, але і на сябра, няхай і са зніжкай у цэлых 5%!


“Трастбанк” прапаноўвае крэдыт “Выгадны” пад 100% гадавых! Калі ўзяць 20 мільёнаў, праз год прыйдзецца аддаваць больш за 27 мільёнаў!

Еўрарадыё: І дзе тут выгада?
"Трастбанк": 20% зніжка на крэдыт для мужчын!

У аддзеле маркетынгу “Абсалютбанка” кажуць, што ў іх колькасць кліентаў не знізілася, бо яны падумалі пра адкрытыя стаўкі загадзя.

“Мы адмянілі ўсе схаваныя плацяжы за два месяцы да набывання моцы Банкаўскага кодэкса. Нам хацелася бачыць рэальную карціну…”.

А вось два месяцы таму, калі стаўкі ў “Абсалютбанку” выйшлі з ценю, паводле слоў супрацоўнікаў установы, змянілася колькасць кліентаў.
 
“Тады мы заўважалі невялікае зніжэнне працэнтаў крэдытаатрымальнікаў па спажывецкіх крэдытах, але ў нас напрацаваная база кліентаў…”

Эканаміст Леанід Заіка прагназуе ў цэлым паступовае змяншэнне аб’ёмаў крэдытавання ў адносінах да самых вялікіх крэдытаў — на жыллё. А спажывецкія крэдыты на музычныя інструменты, тэхніку ці адзенне ўвогуле не патрэбныя:

“Самыя магутныя спажывецкія крэдыты ішлі на будаўніцтва жылля, яны зніжаюцца, бо зніжаецца колькасць будаўніцтва, аўтамабілі — можна і без крэдыту цяпер купіць, а крэдыты на пакупку адзення, музычных інструментаў можа і захаваюцца”.

Нагадаем, што ад 22 студзеня банкі павінны паказваць поўную працэнтную стаўку па крэдытах і прыбіраць дадатковыя камісіі за карыстанне крэдытам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі