"Кожны год людзі ўсё менш і менш набываюць кветкі"

"Мы вам дакладна можам сказаць, што нашмат меней прадалі кветак, чым у мінулым і пазамінулым гадах, нават у разы меней", — распавядаюць прадаўцы цюльпанаў ля станцыі метро "Інстытут культуры".


За дзень прадалі каля 2 тысяч кветак, што ў некалькі разоў меней, чым за аналагічны перыяд летась.


Сярод прадаўцоў кветак у гандлёвых кіёсках адчуваецца нервовасць: кліентаў мала. Таму жанчыны стаяць на вуліцы і запрашаюць мужчын. Нават адчыняюць перад імі дзверы — толькі б зайшлі і купілі нешта. А вось карэспандэнта сустракаюць не вельмі ветліва.

На ўваходзе ў пераход прадаюць мімозы: адна кветачка ад 10 тысяч. Гандаль сёлета таксама не ідзе, людзі падыходзяць, цікавяцца коштам і — ідуць далей.


"Штогод людзі ўсё менш і менш набываюць кветкі. Таму што народ збяднеў", — гаворыць прадавачка мімоз.


Пастаўшчыкі мімоз сёлета не змаглі прадаць у Беларусі тое, што прывезлі. Давялося везці рэшткі нераспрададзеных кветак у Расію.


"Яны пастаялі суткі, паглядзелі, што тут не распрададуць, таму развярнуліся і з'ехалі. У нас людзі не закупілі мімозу. Яны загрузілі кветкі у машыну і павезлі. Можа, на Расію. Таму што ў Мінску тыя, хто закупляў і прадаваў потым, не закупляе зараз".



У пераходзе на чыгуначным вакзале прадаюць беларускія ружы. Яны у некалькі разоў танней за імпартныя. Кошты пачынаюцца ад 10 тысяч, праўда, выглядаюць кветкі не так прадстаўніча. Але тут стаяць вялікія чэргі чалавек 10-20. У кіёску, дзе прадаюць імпартныя кветкі, чаргі амаль няма — станаўлюся другім.


Кветкі па розных коштах: ружы ад 45 тысяч да 60, самы дарагі гатовы букет — 420 тысяч.


"У нас ужо гадамі так склалася, што на 8 Сакавіка больш бяруць букеты, а ружы, цюльпаны і асобныя кветкі набываюць у асноўным 7 сакавіка".


Бяру 5 прыгожых вялікіх чырвоных руж - 300 тысяч рублёў. 7 і 8 сакавіка ў горадзе можна спаткаць шмат мужчын і жанчын са скруткамі "Советской Белоруссии". Гэта не картографы, а тыя, каму падаравалі кветкі. Ці тыя, хто нясе ружы або цюльпаны сваім жанчынам. Каб не змерзлі, кветкі заварочваюць у газету — самую танную ўпакоўку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі