Колькі школьных заняткаў прапусціў Коля Лукашэнка? (фота, відэа)

18 сакавіка, панядзелак. У Мінску снегу па калена, а ў Джакарце сонца і зялёнае лісце на дрэвах. Замест таго, каб праз сумёты прабівацца да сваёй школы ў Астрашыцкім гарадку, Коля Лукашэнка — малодшы сын кіраўніка беларускай дзяржавы — ускладае вянок да Манумента Нацыянальных герояў Інданэзіі "Калібата".

Вяртаемся ў нашыя шыроты. Вось Аляксандр Лукашэнка падае ў снег, спускаючыся з гары на лыжах падчас кароткатэрміновага адпачынку ў Сочы. Адным з першых да яго пад’язджае Коля. Сюжэт пра гэта на тэлеканале СТВ з’яўляецца ўвечары 13 лютага, у сераду. Значыць, здарэнне адбылося ў панядзелак ці ў аўторак, бо ў Сочы Аляксандр Лукашэнка выправіўся 11 лютага. Чаму вучань другога класа Коля Лукашэнка ў гэты час не ў школе?

У навінах паказваюць, як Аляксандр Лукашэнка з сынам гуляе ў хакей супраць прафесійнай каманды. Гэта таксама Сочы, той жа кароткатэрміновы адпачынак. І таксама працоўны дзень. Еўрарадыё перагартала архівы і вылічыла, што Коля Лукашэнка прапусціў у гэтым навучальным годзе не менш за 10 дзён заняткаў!

У пятніцу 21 верасня 2012 года ён разам з бацькам едзе ў Магілёўскую вобласць на “Дажынкі”. Перад вечаровым канцэртам Коля трапляе на рыбапітомнік Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Замест школьных заняткаў ён разглядае акварыумы.

А ўжо сёлета, 10 студзеня, Коля разам з бацькам едзе ў Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы. Наведаць людзей паважанага веку — справа вельмі добрая. Але зімовыя канікулы скончыліся два дні таму, Коля мусіць быць у школе.

Аляксандр Лукашэнка пачынае браць малодшага сына на публічныя мерапрыемствы ў красавіку 2008 года. Разам яны наведваюць суботнік і хакейны матч. Колю ўсяго тры з паловай гады.

 

Праз пару месяцаў хлопчык едзе на адкрыццё Алімпійскіх гульняў у Пекін, а ў красавіку 2009 года на прыём да Папы Рымскага ў Ватыкан. Але самая першая ў жыцці Колі афіцыйная сустрэча адбываецца крыху раней: 9 сакавіка 2009 года бацька бярэ яго на перамовы з прэзідэнтам Арменіі Сержам Саргсянам.

"На размову са сваім калегам Лукашэнка прыйшоў з малодшым сунам Колем за руку. Коля ў гальштуку, белай кашулі і камізэльцы ў клетачку сядзеў на калене ў бацькі. Слухаў размовы дарослых. Час ад часу ён уздыхаў і клаў галаву яму на правае плячо. Але стаічна маўчаў, не ўмешваўся ў размовы дарослых", — прыгадвае гэтую сустрэчу "Комсомольская правда".

У 2011 годзе Коля Лукашэнка ідзе ў школу. На першай лінейцы хлопчыка суправаджае бацька:

"Старажытная, сівая школа, якой ужо 150 гадоў, перажывае другое нараджэнне, — прамаўляе Аляксандр Лукашэнка. — Не сумняваюся, што ў такім выдатным месцы нават сцены будуць вам дапамагаць і натхняць на добрае навучанне. І вы годна працягнеце традыцыі Астрашыцка-Гарадской школы, папоўніце яе летапіс выдатнымі адзнакамі і карыснымі справамі".

Школьнікі ў Беларусі вучацца па раскладзе, з панядзелка па пятніцу. Доўгія замежныя паездкі можна сабе дазволіць толькі на канікулах. Але ўжо ў студзені 2012 года першакласнік Мікалай Лукашэнка прапускае тыдзень школьных заняткаў.

На сярэдзіну зімы прыпадае кароткатэрміновы адпачынак Аляксандра Лукашэнкі. Ён едзе ў Сочы, дзе 23 студзеня сустракаецца з тады яшчэ прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. 26 студзеня кіраўнік Беларусі гучна радуецца перамозе Вікторыі Азаранка на Australian Open. У кадры гэтага відэа трапляе Коля Лукашэнка. Можна зрабіць выснову, што ўвесь час Аляксандр Лукашэнка адпачывае разам з малодшым сынам.

Не трэба думаць, што Аляксандр Лукашэнка бярэ Колю з сабой кожны раз, калі ляціць у Краснадарскі край. 14 верасня 2012 года Лукашэнка наведаў Сочы, каб на наступны дзень сустрэцца з Уладзімірам Пуціным. Коля ж застаўся ў Мінску.

Але сёлета мінулагодняя сітуацыя паўтараецца! З Сочы Аляксандр Лукашэнка вяртаецца толькі 19 лютага. Гэта значыць, за час яго адпачынку Коля прапусціў 7 навучальных дзён! Ці мае права беларускі школьнік прапусціць тыдзень заняткаў?

У артыкуле 126 "Кодэкса аб адукацыі" напісана, што навучэнец можа быць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці ў выніку, напрыклад, "спазнення ці няяўкі без паважаных прычын на навучальныя заняткі".

З артыкула 127 вынікае, што дысцыплінарная адказнасць надыходзіць з 14 гадоў. Колю Лукашэнку цяпер толькі восем гадоў, таму да яго ў выніку парушэнняў "могуць ужывацца захады педагагічнага ўздзеяння (размова, абмеркаванне на педагагічным савеце і іншыя захады педагагічнага ўздзеяння), якія не супярэчаць заканадаўству".

Ці з'яўляецца адпачынак разам з бацькам паважанай прычынай для адсутнасці на занятках? У школах на гэтае пытанне адказваюць, што могуць вызваліць навучэнца ад урокаў, калі бацькі напішуць адпаведную заяву.

Фота: БелТА, president.gov.by.

Відэа: СТВ, Першы нацыянальны канал.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі