Колас: “Прыехаў Купала, я жывенька раздабыў кварту гарэлкі…” (фота)

Сімволіка датаў: пазнаёміліся, калі абодвум было роўна 30 — і столькі ж гадоў цягнулася іх сяброўства. Яны маглі б сустрэцца і раней, калі б Коласа не пасадзілі на тры гады (1908-1911) на Валадарку — за ўдзел у падпольным настаўніцкім з’ездзе 1906 года і далейшую дзейнасць у гэтым рэчышчы.

“Яны пазнаёміліся завочна — праз творы, якія друкаваліся ў газеце “Наша Ніва”, — распавядае праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч, галоўная захавальніца фондаў музея свайго прадзеда. — “Сярод розных карэспандэнцый і пісем, дасланых у рэдакцыю, — піша Якуб Колас, — мне трапіла пісьмо з вершам, падпісаным “Янук Купала” (так першым часам падпісваў свае творы Купала)”.

Прыблізна так выглядалі паэты ў час першай асабістай сустрэчы. Уверсе -- Купала, унізе -- Колас.


Колас пасля выхаду з турмы працягваў знаходзіцца пад наглядам паліцыі, таму не мог сам паехаць да Купалы. І вось 26 ліпеня 1912 года Купала напісаў у адным з лістоў: “У суботу еду ў Стоўбцы да Коласа”. Пра тую сустрэчу ходзіць байка, што Купала, каб пафарсіць перад калегам, выкупіў сабе новыя чаравікі. Але пакуль ішоў няблізкі шлях са станцыі, сцёр ногі да крыві!

 

Васіліна Міцкевіч: “Дзядуля расказваў, як яго бацька ўспамінаў, што Купала, канешне, рыхтаваўся да сустрэчы. І ў яго быў новы касцюм, аднак чамусьці рукавы былі крышачку караткаватыя! Можа, і боты былі новыя, таму ён і сцёр ногі”.

Сам Колас пакінуў цікавы ўспамін пра тую першую сустрэчу, які мы папрасілі зачытаць праўнучку народнага паэта.

Васіліна Міцкевіч: “…Хтось з дому прыбег у сяло, знайшоў мяне і сказаў мне тры словы: “Прыехаў Янка Купала”. Гэтыя словы мяне радасна ўсхвалявалі. Быў ужо даволі позні жнівеньскі вечар. Я жыва раздабыў кварту гарэлкі і борздзенька накіраваўся ў Смольню. Так звалася месца, дзе была сядзіба маіх родных. У хаце гарэла лямпа. На лаве каля стала сядзеў малады, статны, жыццярадасны хлопец з вясёлымі, крыху насмешлівымі жаўтавата-карычневымі вачыма. Мы павіталіся, зірнулі адзін аднаму ў вочы, пацалаваліся. І ён мне, і, напэўна, я яму паказаліся зусім не такімі, як гэта прадстаўлялі мы сабе адзін аднаму ў нашым уяўленні…”

Хата ў Смольні адноўлена ў 1970-я гады. Фота: globus.tut.by 

Інтэр'ер. Фота: http://yakubkolas.by

Шыльда на хаце. Фота: http://yakubkolas.by


Афіцыйная літаратурная крытыка ідэалізуе стасункі між паэтамі — аж не верыцца, што такое сяброўства бывае між жывымі людзьмі! 92-гадовы паэт Мікола Аўрамчык — апошні, хто памятае і Купалу, і Коласа. Мікола Якаўлевіч прыгадвае, што ў паэтаў былі вельмі розныя характары і тэмпераменты.

 

Мікола Аўрамчык: “Купалу я бачыў у Саюзе пісьменнікаў амаль што кожны тыдзень альбо раз на два тыдні. Коласа зроду не бачыў там! Гэта былі абмеркаванні новых твораў. Колас быў, відаць, вельмі дамасед — я ніколі яго нідзе не бачыў”.

Мікола Аўрамчык

Аднак, кажа Аўрамчык, простыя людзі любілі абодвух класікаў аднолькава. І нават ведалі, дзе жывуць паэты.

Мікола Аўрамчык: “Купала чамусьці жыў у доме першага з’езда РСДРП некаторы час. А Колас жыў на Вайсковым завулку — гэта дзе цяпер планетарый у парку”.


У літаратурных колах ходзіць байка, як аднойчы за гульнёй у шахматы Купала стаў прайграваць і вырашыў падбіць Коласа: “Ах ты мужык!” Колас парыраваў: “А ты — шляхцюк!” Развязалася сварка, нехта эмацыйна згроб усе фігуры з дошкі — і ў выніку Купала ўратаваўся ад пройгрышу. Васіліна Міцкевіч ставіцца да гэтага выключна як да байкі, але пра шахматы пацвярджае.

Васіліна Міцкевіч: “Я ведаю, што яны вельмі любілі гуляць у шахматы — і Колас заходзіў да Купалы, і Купала да Коласа. Як расказвае Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, малодшы сын Якуба Коласа, сам Колас разумеў, што Купала гуляе ў шахматы крыху лепш. Але яны заставаліся сябрамі, гулялі — ім падабалася разам бавіць час”.


На тое, што сяброўства між паэтамі сапраўды было, сведчаць многія факты.

 

Васіліна Міцкевіч: Яны вельмі сябравалі, хадзілі адзін да аднаго. Нават у 1931 годзе, калі хату Купалы затапіла, то ён разам з жонкаю жыў каля трох тыдняў у доме Якуба Коласа. Яшчэ яны любілі разам адпачываць, ездзілі ў Есентукі, бывалі ў Цхалтубе. Бываў Колас і на дачы ў Ляўках у Купалы на Аршаншчыне”.


Сведка гэтага сяброўства — Міхась Міцкевіч, малодшы сын Коласа, якому цяпер 86 гадоў. Васіліна — якраз яго ўнучка.

Васіліна Міцкевіч: “Міхась Канстанцінавіч успамінаў нядаўна, як Купала прыходзіў да іх у госці. І што ў Купалы было вельмі цікавае захапленне — ён любіў збіраць розныя каменчыкі, якія прывозіў з мора. Яны былі розныя, адшліфаваныя, нават з дзірачкамі некаторыя. І вось ён прыйшоў у госці і падарыў Міхасю такія каменчыкі”.


 

Сын Коласа Міхась Міцкевіч ля помніка бацьку. Фота: kimpress.by

Аднак, нягледзячы на моцнае сяброўства, захавалася прынамсі адно сведчанне пра сур’ёзную сварку між паэтамі — у пачатку вайны, незадоўга да гібелі Купалы.

Васіліна Міцкевіч: “Аднойчы, калі Колас яшчэ быў у Ташкенце, ён вельмі пакрыўдзіўся на Купалу — гэта ёсць у некаторых лістах. За тое, што Купала нібыта ведаў, дзе знаходзіўся сярэдні сын Коласа Юры Міцкевіч – які, як пазней высветлілася, загінуў у часе Другой сусветнай вайны. Канешне, бацькі вельмі перажывалі за лёс сына. І, канешне, дазнацца, што Купала нешта ведае і не кажа — гэта крыўдзіла Якуба Коласа. Але ў хуткім часе высветлілася, што Купала нічога не ведаў, гэта байка, якую нехта пусціў”.


Цяпер у Коласаўскім музеі адкрылася выстава “Мой дружа, Янка” — прысвечаная 130-годдзю Купалы, але можна лічыць, што і гісторыі сяброўства двух класікаў. Некаторыя экспанаты там сапраўды ўнікальныя — спяшайцеся пабачыць!

Васіліна Міцкевіч: “Захоўваюцца срэбныя чарачкі, якія Купала падарыў Коласу з нагоды 25-годдзя шлюбу з Марыяй Дзмітрыеўнай у 1938 годзе. Яны вельмі прыгожыя, з краявідамі Вільні. Там ёсць гравіроўка — МДМ (Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч) і МКМ — Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч”.

Чаркі, якія Купала падараваў Коласу на 25-годдзе шлюбу ў 1938 годзе. Сфатаграфавана з вітрыны музея.


Гравіроўка "МКМ" (Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч) і лічба ХХV -- чвэрць стагоддзя шлюбу Коласа

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі