Кобец: Усё, што напісаў пра супрацоўніцтва з КДБ, трэба разумець літаральна

Некалькі дзён таму былы кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец прызнаўся, што каб выйсці з турмы КДБ быў вымушаны падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве з беларускімі спецслужбамі. Сярод іншага ён сцвярджае, што без такой згоды ніхто з вязняў ніхто не мог выйсці на свабоду. Уладзімір вось ужо два месяцы як знаходзіцца за межамі Беларусі, але гучна прызнацца ў падрабязнасцях свайго вызвалення вырашыў толькі цяпер. Затрымалі яго 21 снежня 2010, а вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе – 28 студзеня. Крымінальны пераслед супраць яго спынілі 29 жніўня.

Еўрарадыё: Давайце вернемся да гісторыі вашага затрымання – наколькі нечаканым стала яно для вас?

Уладзімір Кобец: Нечаканай стала ўся рэакцыя ўладаў на падзеі 19 снежня, на выбары. Бо, мы ведалі, як шмат было зроблена для таго, каб палепшыць імідж Беларусі ў вачах Еўропы. І ў межах “Усходняга партнёрства”, і крэдыт МВФ быў атрыманы, у Беларусь прыязджалі высокія чыноўнікі – Барозу, Вэстэрвэле, Сікорскі. І на момант выбараў у Беларусі знаходзіліся сотні міжнародных назіральнікаў, палітыкі. Тое, што ўлады вырашылі адсекчы сабе рукі і ногі – стала нечаканым. Я не збіраўся ўцякаць з краіны, нягледзячы на тое, што пасля 19 не начаваў дома. Не таму, што хаваўся – было шмат працы. Затрымалі мяне 21 снежня – вылічылі па тэлефоне жонкі і потым гэбісты гэтым хваліліся.

Нечаканым стала тое, што людзей не адпусцілі праз 3, 5, ці 15 сутак, што яны вырашылі завесці гэтую пустую крымінальную справу. Фактычна ж, мэтай было – высветліць замежныя партнёрскія кантакты і знайсці крыніцы фінансавання.

Еўрарадыё: Падчас допытаў вас, кіраўніка выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты, следчых цікавіла найперш менавіта гэта – крыніцы фінансавання выбарчай кампаніі Андрэя Саннікава?

Уладзімір Кобец: Допыты – гэта размова са следчым у прысутнасці адваката. Падчас такіх размоваў пытанні былі розныя: і па падзеях 19 снежня, і па крыніцах фінансавання. У нас, як і ў кожным штабе, быў фінансавы прадстаўнік, які меў пасведчанне Цэнтрвыбаркама і мы працавалі з афіцыйнымі крыніцамі – быў створаны фонд. І менавіта гэтым штаб займаўся. А вось аператыўных супрацоўнікаў падчас размоў без адваката афіцыйныя крыніцы ўвогуле не цікавілі. Яны хацелі даведацца пра іншыя крыніцы фінансавання – гэта была іх адна з галоўных мэтаў. А таксама планы “Плошчы”.

Еўрарадыё: Ад вас яны даведаліся тое, што хацелі?

Уладзімір Кобец: А я не ведаю, што яны хацелі даведацца!

Еўрарадыё: Ну, як жа: неафіцыйныя крыніцы фінансавання...

Уладзімір Кобец: Штаб працаваў з афіцыйнымі крыніцамі. І ўся наша прадукцыя была выраблена ў адпаведнасці з дамовай, якую падпісала і Ярмошына ў тым ліку. Таму датычна штаба, я і зараз кажу тое, што казаў і на допытах – гэта афіцыйныя крыніцы фінансавання.


Еўрарадыё: Былыя вязні турмы КДБ распавядалі пра катаванні. Якія канкрэтна метады прымянялі да вас?

Уладзімір Кобец: Да кожнага ўжываліся персанальныя захады. Яны вывучаюць псіхалогію чалавека і да кагосьці ўжываюць больш фізічных катаванняў, а да кагосьці – псіхалагічныя катаванні. Што тычыцца мяне, то гэтыя “прагоны”, распрананні, прысяданні былі прымененыя, бадай, да ўсіх мужчын, якія трапілі туды. Але псіхалагічны ціск перажываўся значна цяжэй, чым фізічныя катаванні. Тое, што не адпусцяць хутка, стала зразумела пасля ўвядзення “масак-шоў”. Стала зразумела, што кожны з тых, хто выйдзе раней, пра гэта распавядзе і будзе скандал. Не верылася, што ўдасца выйсці праз паўтара месяцы нават пад падпіску аб нявыездзе, нават праз нейкую фармальную згоду аб супрацоўніцтве. Так брутальна яны сябе паводзілі, што стала відавочна – людзі вырашылі вярнуць трыццатыя гады і ператварыць гэта месца ў сапраўдную турму НКВД.

Еўрарадыё: Калі вам паступіла прапанова, падпісаць дамову аб супрацоўніцтве з КДБ? Адразу пачалі намякаць на гэта ці ўжо пазней?

Уладзімір Кобец: У апошнія паўтара тыдні знаходжання ў турме. Калі пачалі штодня па некалькі разоў прыходзіць і паказваць розныя дакументы, якія яны павыцягвалі з камп’ютараў ці яшчэ аднекуль, шантажаваць гэтым, палохаць. Не ад пачатку.

Еўрарадыё: Ці доўга вы вагаліся?

Уладзімір Кобец: Складана сказаць. У пэўны момант я проста зразумеў, што я адтуль інакш не выйду. Гэта была адзіная ўмова, праз якую можна было выйсці з таго пекла, што там было створанае. І ў гэты момант я пад дыктоўку напісаў гэты дакумент. Аб чым распавёў фактычна адразу Валянціну Стэфановічу. Потым – Алесю Бяляцкаму. І гэта было пытанне часу – калі я пра гэта распавяду ўсім.

Еўрарадыё: Міхалевіч распавядаў, што яму пасля падпісання такога дакумента далі мянушку “Гаўрыла”. А вам мянушку далі?

Уладзімір Кобец: Пра гэта яшчэ будзе асобная размова. Яна вядомая, і я напішу пра гэта пазней, я думаю.

Еўрарадыё: У сваім прызнанні, якое было зроблена некалькі дзён таму, вы напісалі, што ніхто не мог выйсці з вязніцы КДБ, не падпісаўшы такую паперу – згоду на супрацоўніцтва. Не ўсе, з тых, хто там быў, з гэтым згодныя. Сёння вы па-ранейшаму настойваеце на гэтых словах ці гэта была “апіска”?

Уладзімір Кобец: Я напісаў тое, што я там бачыў і як я тое разумеў. Там няма “апісак”, але так няма і канкрэтных імёнаў. Я пісаў пра сябе. Людзі знаходзяцца ў Беларусі, людзі знаходзяцца ў небяспецы і гэта чыннікі, якія трэба ўлічваць, калі казаць пра іх рэакцыю на мае словы. І кожны павінен сам распавядаць сваю гісторыю. Я не хачу нічога нікому казаць, але тое, што я напісаў – ўсё трэба разумець літаральна.

Еўрарадыё: Сваё прызнанне вы зрабілі праз некалькі месяцаў пасля вызвалення. Як вы самі лічыце – вы з ім не спазніліся? Да прыкладу, Уладзімір Някляеў сказаў, што калі вы не зрабілі гэтага прызнання адразу, то не трэба было і зараз з ім выходзіць.

Уладзімір Кобец: Я чытаў гэты яго каментар. Гэта яго меркаванне і я яго паважаю, але не думаю так, як ён.

Еўрарадыё: Пасля вызвалення вы атрымлівалі псіхалагічную дапамогу спецыяліста. Што гэта была за дапамога, якія ў вас былі праблемы?

Уладзімір Кобец: У “Беларускай асацыяцыі журналістаў” мне было прапанавана атрымаць кваліфікаваную дапамогу псіхолага, спецыяліста па псіхалогіі катастроф. І хачу сказаць, што калі я скептычна да гэтага ставіўся ад пачатку, то толькі пасля двух тыдняў супрацоўніцтва з ім я зразумеў, што насамрэч адбывалася ў мяне з псіхікай. Я вельмі ўдзячны БАЖу за тое, што я атрымаў такую дапамогу.

Еўрарадыё: Вы за мяжой ужо больш за два месяцы. Ці не склалася ўражанне, што тут вы можаце зрабіць для Беларусі больш, чым па вяртанні на радзіму?

Уладзімір Кобец: Тут сапраўды і сустрэч шмат адбываецца, і сяброў тут зараз шмат. Але трэба вырашаць пытанне асабістага побыту – без гэтага ніяк. Дарэчы, калі я з’ехаў з Беларусі і праехаў па некаторых еўрапейскіх сталіцах, то ўбачыў такую вялікую колькасць беларусаў, якія з’ехалі з краіны пасля 19 снежня, што быў шакаваны. Сённяшняя ўлада проста выцясняе беларусаў з Беларусі! І лёс гэтых людзей турбуе не менш, чым лёс тых, хто мусіць быць рэабілітаваны ў Беларусі. Пра іх нельга забывацца. І я зараз таксама належу да ліку тых, хто хацеў бы мець гарантыі па вяртанні ў Беларусь.

Еўрарадыё: За той час, што вы знаходзіцеся за мяжой, на вас не спрабавалі выйсці тыя, з кім вы абавязаліся супрацоўнічаць?

Уладзімір Кобец: Калі і спрабавалі, то мне гэта пра не вядома. Я не атрымліваў ніякіх сігналаў, ніхто не кантактаваў такім чынам, каб я зразумеў, што гэта адтуль. Спадзяюся, што гэтага і не будзе. Я веруючы чалавек, каталік і веру, што ўсё ў руках Бога. Але трэба дбаць пра бяспеку нават тады, калі ты вуліцу пераходзіш – трэба паглядзець на святлафор. Пра небяспеку ж ад тых людзей я стараюся не думаць.

Еўрарадыё: Вы веруючы чалавек, а ў Бібліі сказана: “Не падмані”. Сумленне мучыць, што вы тых людзей падманулі і супрацоўнічаць не збіраецеся?

Уладзімір Кобец: Ёсць яшчэ права споведзі і адпушчэнне грахоў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі