Кім і якім трэба быць, каб трапіць у выбарчую камісію?

“48 чалавек ад апазіцыі трапіла ў склад акруговых выбарчых камісій. Гэта 24% ад вылучаных імі. А агульная доля апазіцыйных кандыдатаў у камісіях – 3,3%”, -- паведамляе на прэс-канферэнцыі праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які сёлета назірае за правядзеннем парламенцкіх выбараў.

120711 Pilecki Vybary_0.mp3

І гэта прагрэс! Падчас мінулых парламенцкіх выбараў апазіцыянераў у акруговых камісіях было толькі 2%. Сярод лідараў апазіцыі адзінага меркавання наконт таго, ці варта ўдзельнічаць у акружных камісіях няма. Шэраг буйнейшых рухаў і партый або цалкам адмовіліся ісці туды, альбо выставілі толькі некалькі чалавек. Праваабаронцы лічаць гэта памылкай.

“Рэгістрацыя кандыдатаў праводзіцца акруговымі камісіямі, праверка подпісаў. Шмат якія функцыі падчас выбарчага працэсу яны выконваюць. Разгляд скаргаў, падвядзенне вынікаў галасавання па акрузе”.

Праўладныя арганізацыі выглядаюць значна больш салідна. Ажно 90% кандыдатаў ад “Белай Русі” трапілі ў склад камісій. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік расказвае Еўрарадыё, што трэба мець аўтарытэт.

“Каб стаць сябрам акруговай камісіі, трэба ведаць, шанаваць і выконваць Закон Рэспублікі Беларусь. А таксама быць шанаваным аўтарытэтным грамадзянінам сярод выбаршчыкаў акругі”.

Толькі вось вырашаюць, шанаваны ты, альбо не вельмі, зусім не выбарцы. Камісіі фармуюць у выканкамах і саветах дэпутатаў. Прычым, робяць гэта… суб’ектыўна!

“Падбіраць кандыдатуры, то бок фарміраваць камісіі з прадстаўленых кандыдатур – гэта суб’ектыўнае права выканаўчага камітэта і прэзідыюма савета дэпутатаў абласцей і Мінска. Я думаю, што там дастаткова граматныя людзі, каб зрабіць адпаведны выбар”, - гаворыць Лазавік.

Апазіцыянераў у аблвыканкамах і саветах дэпутатаў – кот наплакаў. Адпаведна, і шанцаў, пераканаць чыноўнікаў у сваёй законапаслухмянасці і аўтарытэтнасці значна менш. Іншая справа – вядомыя публічныя асобы. Еўрарадыё даведалася, што сёлета ў склад акруговай выбарчай камісіі трапіў Анатоль Ярмоленка. Пытаемся ў спевака, як жа так выйшла?

“Сказалі мне – можаш? Я сказаў – магу. Мне цікавыя розныя моманты, мне цікава, што там і як. Людзі проста на канцэрце падышлі, якія ведаюць мяне, запыталі. Мне часта нешта прапаноўваюць людзі. І потым так атрымалася, што сабралі подпісы, і я трапіў у камісію”.

Ярмоленка расказвае, што падпісваліся за яго вылучэнне 10-15 чалавек.

У размове з Еўрарадыё сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што сяброў участковых камісій будуць выбіраць гэтак жа, як і сяброў акруговых. Ці азначае гэта, што апазіцыя зноў “праляціць”, убачым у першай палове жніўня.

“Сказалі мне – можаш? Я сказаў – магу. Мне цікавыя розныя моманты, мне цікава, што там і як. Людзі проста на канцэрце падышлі, якія ведаюць мяне, запыталі. Мне часта нешта прапаноўваюць людзі. І потым так атрымалася, што сабралі подпісы, і я трапіў у камісію”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі