КДБ: “Ставім на ўлік тых, хто шкодзіць правам і свабодам”

“Пастаноўка на прафілактычны ўлік ажыццяўляецца ў дачыненні да грамадзян, наконт якіх падчас вышуковай дзейнасці альбо прафілактычных мерапрыемстваў атрыманыя звесткі, што сведчаць аб іх здольнасці нанесці шкоду правам і свабодам”, — расказваюць нам у Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ.

120720 Pilecki_KDB.mp3

Дадаюць таксама, што працэдура гэта зусім не новая. Яшчэ ў 2008 годзе быў прыняты адпаведны закон. У 2009 годзе Савет міністраў унёс у яго ўдакладненні, а вось зараз было вырашана абмежаваць паездкі за мяжу тых беларусаў, якія на такі ўлік пастаўленыя. Вырашаюць, паставіць некага на ўлік альбо зняць з яго, асабіста начальнікі ўпраўленняў КДБ.

На пытанне Еўрарадыё, ці можна зняцца з прафілактычнага ўліку, атрымліваем адказ: “Такое рашэнне прымае кіраўнік органа КДБ”. Прычыны самыя розныя. Галоўныя — смерць і турма.

“...у выпадку іх смерці, прысуджэння да пазбаўлення волі, а таксама пасля знікнення прычын, праз якія яны маглі ўяўляць небяспеку для нацыянальнай бяспекі”.

Адным з апошніх, хто трапіў на ўлік у КДБ, стаў праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Па іроніі, гэта адбылося за дзень да суда, на якім Бандарэнка збіраецца абскарджваць забарону на выезд за мяжу. Да яго проста на вуліцы падышлі чэкісты і адвезлі ў свой вялікі жоўты будынак на праспекце Незалежнасці, дзе паказалі паперу аб пастаноўцы яго на прафілактычны ўлік. Ніякіх копій з сабой не далі.

Еўрарадыё праваабаронца кажа, што небяспеку для Беларусі ўяўляе не ён.

“Я не дэвальваваў валюту, не развальваў эканоміку, не кідаю людзей у турмы, не бяру палітычных закладнікаў і не гандлюю імі”.

Зараз Бандарэнка збіраецца з камітэтчыкамі судзіцца. Праўда, пакуль не зусім зразумела, што і як абскарджваць. У КДБ яму паказалі цэлы стос папераў, але копій не выдалі. Дазволілі толькі выпіскі зрабіць, не даўшы пры гэтым ні паперы, ні асадкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі