Канцэрт гурта Naka ў Маскве адменены з-за жорсткага збіцця гітарыста

Як стала вядома Еўрарадыё, гітарыст гурта Naka Павел Трыпуць быў моцна збіты хуліганамі ў двары свайго дома пасля канцэрта каманды, які прайшоў 2-га ліпеня ў сталічным кафэ LOFT. Каб абвастрыць сітуацыю, кажа вакалістка гурта Наста Шпакоўская, варта ўзгадаць, што Павел Трыпуць быў літаральна нядаўна ўведзены ў склад гурта.

Наста Шпакоўская: "Мы з ім рэпетавалі больш за тры месяцы. Зараз падрыхтаваліся да двух сольных канцэртаў – у Мінску і Маскве, а таксама да фестывалю "Нашествие". Была праведзеная вялікая праца, а 2-га ліпеня пасля канцэрту ў Лофт-кафэ наш гітарыст трапіў "пад раздачу".


Хто і за што напаў на музыканта – пакуль не вядома. Павел звярнуўся ў міліцыю, вядзецца следства. У музыканта ў трох месцах зламана нага і некалькі рэбраў, ён знаходзіцца ў Шпіталі хуткай дапамогі.

Наста Шпакоўская: "Пакуль ніхто нікога не знайшоў, і, мабыць, чакаць і не варта. Сам аблом адбыўся, і 6-га ліпеня ў Маскве ў нас не будзе сольнага канцэрта".

Здагадак пра тое, каму закарцела нашкодзіць гурту Naka у музыкаў няма. Аднак Наста Шпакоўская не хоча гэту гісторыю ператвараць у інтрыгу.

Наста Шпакоўская: "Я не схільная гэтага рабіць. Проста ўспрымаю гэта, як факт. Дзякуй Богу, што наш канцэрт 2-га ліпеня ўсё ж адбыўся, прайшоў вельмі добра і паспяхова. Але быў праведзены вялікі аб’ём працы, і гэта было зроблена для серыі канцэртаў. На жаль, іх не будзе. Я расцэньваю толькі гэтыя падзеі. А чаму гэта адбылося, правакацыя гэта ці проста хуліганства – зараз у мяне нават няма часу гэтым займацца і гэта аналізаваць". 

Тым не менш, Naka зможа выступіць на галоўным расійскім рок-фэсце "Нашествие-2011" з сесійным музыкантам. Зараз увесь час гурт прысвячае рэпетыцыям. Нягледзячы на, здаецца, вырашаную сітуацыю, навучаная горкім досведам Наста да апошняга баіцца казаць, што ўсё будзе нармальна: пакуль музыканты не выйдуць на сцэну і не адыграюць свой сэт.

Варта прыгадаць, што ў гурта была вельмі падобная сітуацыя з расійскім фестывалем “Крылья” некалькі гадоў таму.

Наста Шпакоўская: "Літаральна за 2 дні да ад’езду пабіўся наш тагачасны басіст і яму зламалі руку. Таму досвед "аблому" у нас ужо ёсць, але, вядома, ніхто не ўяўляў, што такое можа адбыцца яшчэ раз".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі