Канцэрт "Animal Джаz" у Мінску чарговы раз перанесены

Мінскі канцэрт-прэзентацыя новага альбома піцерскіх рокераў "Animal Джаz" зноў перанесены, гэтым разам на 4-га траўня, а ў Віцебску на 5-га. Па словах арганізатара Змітра Хламава, чарговы перанос адбыўся па ініцыяітыве саміх музыкаў калектыву.

Зміцер Хламаў: "Мы шукалі магчымасці выратаваць канцэрт, перанесці яго на выходныя, але даты занятыя ў клубах, і мы ніяк не маглі дасягнуць кампраміса. Разглядаўся варыянт двух канцэртаў за адзін дзень: у Мінску ды Віцебску. У выніку, гурт прыняў рашэнне, што канцэрт лепш перанесці. Гэта звязана, як з падзеямі 11 красавіка, так і, паводле словаў гурта, з праблемамі здароўя ў вакаліста".

У сваю чаргу франтмэн калектыву Аляксандр "Міхалыч" Красавіцкі прызнаўся, што хварэе зараз палова ўдзельнікаў "Animal Джаz". У дадатак музыка запэўніў, што перанос выступу амаль на месяц ніяк не адаб'ецца на канцэртнай праграме гурта.

Аляксандр "Міхалыч" Красавіцкі: "Па маім голасе можна напэўна пачуць, што я захварэў. У нас увогуле зараз эпідэмія грыпу, таму ў нас палова гурта грыпуе і мы не здолелі прыехаць. Але месяц - гэта не тэрмін, гэта дробязь. Мы за месяц да новых песень толькі самі яшчэ прытрэмся на канцэртах. Так, як і ва ўсім туры, мы прывязем альбом, тут ніякіх зменаў няма".

Нагадаем, зараз музыкі "Animal Джаz" знаходзяцца ў туры ў падтрымку аднайменнага альбома, які прысвечаны 10-годдзю гурта. Першапачаткова іх выступ у Мінску быў запланаваны на 15-га красавіка, але з-за тэракта ў сталічным метро, і абвешчанай жалобы канцэрт быў перасунуты на адзін дзень наперад. Раптоўная хвароба музыкаў, ды блізкасць да трагічных падзеяў справакавала яшчэ адзін перанос.

Паводле абяцанняў музыкаў ды арганізатараў, дата 4-га траўня для Мінска і 5-га для Віцебска - качатковая і больш змяняцца не будзе. Усе квіткі, набытыя раней на прэзнтацыю альбома "Animal Джаz", застаюцца сапраўднымі і для травеньскіх канцэртаў ў клубах "Рэактар" ды "Зебра".

Фота: belivein.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі