Кантралёр з Наваполацка: з дома выйсці не магу, усе крычаць: класнае відэа!

Кантралёр з Наваполацка, якую пасажыр схапіў за валасы, працуе ў мясцовым аўтапарку з 2 красавіка 1998 года. Пачынала кандуктарам, а з 1 снежня 2006 стала кантралёрам. Сярэдні заробак — 3,5  мільёны рублёў.

"Я ні з кім, прабачце, не хачу гутарыць. Я толькі прыйшла ад псіхатэрапеўта", — адказвае кантралёр Людміла Шахрына Еўрарадыё. У родным горадзе ёй цяпер цяжка выходзіць на вуліцу.

Еўрарадыё: Як на вас адбіўся гэты выпадак?

Людміла Шахрына: Не тое слова, адбіўся. Калі я ўпершыню за жыццё пайшла да псіхатэрапеўта… Ён мне прызначыў уколы і дарагое лячэнне. У мяне нервовы зрыў, я ўвогуле не сплю. На вуліцу выйсці не магу. Выйшла учора, мне пачынаюць крычаць: “Ой, жэсць! Класнае відэа”. Разумееце? Мяне проста дабілі. І тут пачынаюць яшчэ дабіваць скаргамі. Як мне пасля гэтага выйсці на працу?

Еўрарадыё: На вас пішуць скаргі? Хто?

Людміла Шахрына: Прыходзяць нейкія, пішуць скаргі. Невядома, пра што. Што я там нейкіх школьнікаў высаджвала некалі. Гэта проста ідзе група падтрымкі гэтых... Яны мяне б’юць, не ведаюць, чым псіхалагічна дабіць. Вось прыйшлі ўчора ўвечары напісалі, што гэты хлопец такі добры, а я такая кепская. Нібыта, у нашым горадзе ўсе ведаюць гэтага хлопца. 5 чалавек прыйшло ў групу падтрымкі. Ствараюць такі сайт, каб сабраць грошы на адваката і апраўдаць яго.

Еўрарадыё: Вы цяпер працуеце?

Людміла Шахрына: У мяне расцяжэнне шыйных звязак. Я на бальнічным у траўматолага. Хутка павінны выклікаць на вочную стаўку з ім. Я з міліцыі не выходжу цэлымі днямі. Учора там паўдня правяла.

Еўрарадыё: Як на працы паставіліся?

Людміла Шахрына: На працы пакуль ставяцца добра. Сказалі, што я правільна выконвала сваю працу. Я ж нікога не біла, а білі ўсяго толькі мяне.

Еўрарадыё: А раней з вамі такое здаралася? Былі канфлікты з пасажырамі?

Людміла Шахрына: Натуральна. А хто хоча добраахвотна грошы аддаць? Мы ж не прэміі выпісваем, мы ж штрафы накладаем. Але такога, каб за валасы цягалі, такога яшчэ не было.

Еўрарадыё: Няўжо людзі за 20 тысяч лезуць у бойку?

Людміла Шахрына: Ды яны гатовыя забіць. Калі тут вось быў сход, яны казалі: ды іх усіх мачыць трэба. Гэта нармальна?

Еўрарадыё: Цяжка звычайна з безбілетніка спагнаць штраф?

Людміла Шахрына: Кожны пачынае казаць: “Як вам не сорамна?” Калі вы едзеце без квітка, чаму мне павінна быць сорамна? Гэтага паняцця ў многіх няма. Атрымоўваецца, што мне павінна быць сорамна, за тое, што я да іх падышла.

Еўрарадыё: А шмат у вас безбілетнікаў бывае?

Людміла Шахрына: Заўсёды па-рознаму. Бывае, што 2-3 за дзень, бывае — ніводнага. У кожнага кантралёра па-рознаму. У мяне ў мінулым месяцы было па-мойму, 173 чалавекі. Гэта тыя, якія заплацілі.

Еўрарадыё: А колькі не заплацілі?

Людміла Шахрына: Таксама шмат. Спрабуюць збягаць. Штурхаць. Калі б з міліцыяй працавалі, было б прасцей.

Еўрарадыё: Можа, варта штраф павысіць?

Людміла Шахрына: Яны за 20 тысяч гатовыя забіць, а калі павысіць, не ведаю, што будзе.

Еўрарадыё: Я глядзеў відэа шмат разоў, і не разумею, як пачаўся канфлікт?

Людміла Шахрына: Гэты канфлікт не з-за дзіцяці. А з-за таго, што людзі ў нецвярозым стане ехалі. А хлопец гэты, учора прыйшла экспертыза, што 1,3 праміле знайшлі. Яшчэ быў адзін хлопец, які мяне штурхаў. Ён там недзе трапляецца на відэа, але кепска бачна. Спачатку мужчына, які без білета, мяне штурхаў, потым яшчэ адзін падляцеў трымаў адчыненыя дзверы, ну а гэты дабіваў.

Еўрарадыё: Вы на жанчыну крычалі, гэта было да таго, як вас пачалі штурхаць?

Людміла Шахрына: Мужчына гэты выкаваўся нецэнзурна. Я спрабавала зрабіць заўвагу. Але гэта было без сэнсу, таму што ён быў нападпітку. Яны аднекуль з гасцей ехалі. І чаму дзеці ездзяць у такі час па аўтобусах? (усё адбывалася пасля 22 гадзіны - Еўрарадыё) Дзіця трох гадоў, што, спаць не хоча у такі час?

Еўрарадыё: Як звычайна адбываецца, калі чалавек едзе без білета? Як вы з ім размаўляеце?

Людміла Шахрына: Прашу, каб разлічыўся. Калі грошай няма, каб даў дакументы. Я сама дружыннік. Мы запісваем іх дадзеныя. Потым спакойна людзі прыходзяць і разлічваюцца.

Еўрарадыё: Можна разлічыцца не на месцы?

Людміла Шахрына: Натуральна. Мы перапісваем дадзеныя, і калі ў чалавека грошай няма, ён прыходзіць і разлічваецца.

Еўрарадыё: У вас былі нейкія заслугі на працы?

Людміла Шахрына: Граматы былі ў мяне. Дошка гонару у мяне была. За добрую працу.

Еўрарадыё: А сродкі абароны ў вас ёсць?

Людміла Шахрына: Нічога няма. Нам нічога не выдаюць.

Здарэнні з кантралёрамі ў Наваполацку адбываюцца не ўпершыню.

"16 жніўня кантралёру безбілетны пасажыр зламаў руку, — распавядае Еўрарадыё намеснік дырэктара па пасажырскіх перавозках аўтапарка № 6 Наваполацка Аляксандр Букатнеў. — Яна месяц была на бальнічным. Таксама была распачатая справа. Хутка будзе суд. Быў выпадак, калі пнеўматычны пісталет прыставілі да галавы кантралёра з-за талончыка. Тады ніхто не пацярпеў акрамя шкла аўтобуса".

У аўтапарку не згаджаюцца з выказваннямі пра тое, што кантралёр сама справакавала канфлікт. Аляксандр Букатнеў кажа, што сам не ведае, як бы паступіў на месцы Людмілы Шахрыной.

"Ну як, сама? Вось стаіць сям'я з 4 чалавек. У іх адно дзіця мае права ехаць бясплатна. Ёй далі 3 талоны, адзін з іх несапраўдны. Калі б усе 3 былі нармальныя, нічога б не было. Па-мойму справакавала сітуацыю сям'я, якая не аплаціла 1400 рублёў. Яны ж, атрымоўваецца, паклалі 2 талончыкі зверху і знізу нармальных, а пасярэдзіне не з гэтага аўтобуса. Каля яна пачала тлумачыць, што трэба плаціць штраф, тут пачалася патасоўка. А ў гэтым выпадку чалавек ужо ў эмацыйным стане, нават я магу пачаць размаўляць гучна".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі