Калі прэзідэнт не памілуе, то часу звярнуцца ў ААН не застанецца

"Пад вычарпаннем унутрыдзяржаўных сродкаў абароны маюцца на ўвазе тыя эфектыўныя спосабы і сродкі прававой абароны, якія прапісаныя нашым законам", — тлумачыць юрыст БХК Гары Паганяйла.


Але прысуд вынесены Вярхоўным судом, таму яго нельга абскардзіць і апратэставаць. Можна толькі падаць наглядную скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суда. Што Кавалёў і зрабіў.


"Такі парадак не вядзе да перагляду справы, — расказвае Гары Паганяйла. — Усё ўпіраецца ў пажаданне старшыні Вярхоўнага суда ўнесці свой пратэст на прысуд. Калі такі пратэст будзе, тады прэзідыўм Вярхоўнага суда будзе гэты пратэст разглядаць. Але ён можа быць адхілены. Такі парадак мы атрымалі ў спадчыну ад Савецкага саюза. І гэты парадак прызнаны такім міжнародным прававым інстытутам, як Камітэт па правах чалавека ААН, неэфектыўным сродкам прававой абароны".


ААН можа прыняць скаргу да разгляду ці не. Пакуль скарга не будзе разгледжаная па сутнасці ці адхіленая, беларускі ўрад просяць не расстрэльваць Кавалёва.


Але Уладзіслаў Кавалёў, акрамя нагляднай скаргі, напісаў прашэнне да прэзідэнта, каб той яго памілаваў. "Можа лепш дачакацца рашэння Лукашэнкі?" — спытала Еўрарадыё.


"Калі прэзідэнт не памілуе, то смяротнае пакаранне можа прыводзіцца ў выкананне нават праз гадзіну. У нас проста можа не быць часу, каб звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН", — тлумачыць Любоў Кавалёва.


"Тым больш ужо двойчы нашая краіна не зважала на просьбу камітэта ААН і расстрэльвала сваіх грамадзян, — гаворыць Гары Паганяйла. — У міжнароднай супольнасці гэта ўспрымаюць як варварства".


Беларусь ратыфікавала факультатыўны пратакол да Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таму юрысдыкцыя камітэта распаўсюджваецца на грамадзян нашай краіны і гэтыя законы павінны дзейнічаць і выконвацца ў Беларусі. Але ў 2010 годзе двух асуджаных на смерць — Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука — расстралялі, хаця іх скаргі разглядаліся камітэтам. Паводле звестак "Міжнароднай амністыі", адмоўнае рашэнне прэзідэнта аб памілаванні ім паведамілі за хвіліну да расстрэлу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі