Ідэі ад БРСМ: Рэцэпт бяссмерця і альтэрнатыва для зброі (фота)

“Мы разглядаем гэтую культуру як крыніцу бялка і масла. Вось тут на стале тое, што з яе можна рабіць — хлеб, пячэнне. Можна дабаўляць у мыла, нават хатняй вытворчасці, раслінную сухую масу. Мы і з пункту гледжання экалогіі гэтую культуру разглядаем”, — захоплена расказвае Юлія Лабус з гімназіі №6 пра нябачаную дагэтуль у Беларусі расліну — амарант.

130208_pilecki_brsm.mp3

Расліну маладыя БРСМаўцы на чале са сваёй кіраўніцай Юліяй прэзентуюць на выставе “100 ідэй для Беларусі”. 8 лютага яна адкрылася ў сталічным Палацы моладзі. Усе сто ідэй у выставе не змясціліся — толькі 30.

БРСМаўцы з шостай гімназіі перакананыя, што іх цуд-расліна дапаможа стаць беларусам… бессмяротнымі. Нядрэнная прапанова. Як мінімум, аднаму беларусу яна дакладна павінна спадабацца. Але неўзабаве аўтары фантастычнага праекту мяне расчароўваюць. Пад несмяротнасцю яны разумеюць незалежнасць арганізма ад медыцынскіх прэпаратаў.

“Ведаеце… Вось што маецца на ўвазе пад словам “бяссмерце”? Паўнавартаснае жыццё, калі арганізм не залежыць ад прэпаратаў! І можа ствараць і прыносіць дабро. Напэўна, не заўсёды пад бессмяротнасцю мяркуецца вечнасць”.

Заінтрыгаваны, іду знаёміцца з іншымі праектамі. І не шкадую. На выставе сустракаю вясёлых маладых людзей з Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці, якія прапануюць замяніць агнястрэльную зброю электрашокерамі і “іншымі сродкамі самаабароны”. Ідэя гуманная. Цікава, што на гэта магла б адказаць міліцыя — у Беларусі агнястрэльную зброю дазволена насіць менавіта міліцыянерам і супрацоўнікам разнастайных спецслужб.

Праз некалькі метраў ад гуманістаў з ІПД бачу стол з… аўтаматамі Калашнікава і пісталетамі Макарава. Хлопчыкі гадоў 8-10-ці радасна пазіруюць фатографам, трымаючы ў руках цяжкія “калашы”. Іх кіраўнік Пётр Шапко з аб’яднання “Горад без наркотыкаў” мяне супакойвае. Гэта ўсяго толькі муляжы.

“Гэта масагабарытныя макеты аўтамата “Ак-74”. Тое, дзякуючы чаму ў дзяцей загараюцца вочы, ім становіцца цікава. Мы на сваёй практыцы сутыкнуліся з тым, што чым больш сур’ёзнае абсталяванне і экіпіроўка, тым больш цікавасці ў дзяцей”.

Шапко гаворыць, што дзякуючы зброі дзеці не звяртаюць увагі на наркотыкі. Цікавая альтэрнатыва. Пакуль разважаю пра сябе аб яе неадназначнасці, чую яшчэ адну неверагодную рэч. Аказваецца, з трох такіх клубаў у апошні час застаўся толькі адзін. Гарадскія ўлады не аказваюць належнай дапамогі. І аматары зброі саступаюць месца аматарам… танцаў.

“Вось наш падлеткавы клуб закрылі. Сказалі, што там будзе платная секцыя танцаў. Але на жаль, там дагэтуль памяшканне пустое. А нам яго не даюць. Тлумачаць проста — у вас сацыяльная накіраванасць. Мы ж з дзецьмі бясплатна працуем і настойваем на тым, што гурткі павінны быць бясплатнымі. А ўсе цяпер хочуць зарабляць грошы”.

Акрамя гэтых дзівосаў на выставе таксама сустракаю прыхільнікаў ідэі стварэння сеткі пляцовак для дзіцячых гульняў пад агульным дэвізам “Дзеці вайны, мы дагуляем за вас!”, аматараў распрацоўкі новага дызайну для старых станцый метро ды мастакоў-спецыялістаў па бодзі-арце. Апошнія абяцаюць прыгожа намаляваць на твары кожнаму ахвотнаму эмблему Чэмпіянату свету па хакеі-2014. Такая чырвона-зялёная радасць. Ідэолагі раённых адміністрацый плачуць ад захаплення.

Планета пад пагрозай.

Proekt stancii metro

Выратаванне сельскай гаспадаркі.

Хакейны бодзі-арт.

А вось так, на думку сяброў БРСМ, некалі выглядаў Наваградскі замак.

"Дзеці вайны, мы дагуляем за вас"...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі