Хуткасць лібералізацыі: дырэктыву рыхтуюць год, а паўгода яна набывае моц

Пакуль абвешчаная лібералізацыя не пачала дзейнічаць насамрэч, Еўрарадыё вырашыла падлічыць лібералізацыйную хуткасць Беларусі на прыкладзе 72-га ўказа.
Нагадаем, гэты ўказ мусіць адпусціць цэны на паслугі і тавары. Ён з'яўляецца часткай Дырэктывы № 4 аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы.
Упершыню ідэя прагучала з вуснаў кіраўніка Беларусі падчас звароту да Нацыянальнага сходу 21 красавіка 2010 года.
"Думаю, наспела неабходнасць прыняцця Дырэктывы №4 аб далейшай лібералізацыі эканомікі, накіраванай на разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы".
І ужо праз месяц Мінэканомікі перадала ў Адміністрацыю праект дырэктывы. Вось гэта хуткасць! Але далей праект затрымаўся на Карла Маркса, 38 да канца года. І ўжо амаль у навагоднюю ноч, 31 снежня, кіраўнік краіны падпісаў Дырэктыву №4 і даручыў Саўміну выпрацаваць меры па яе рэалізацыі.
Роўна праз месяц 28-га Саўмін выпусціў пастанову, першым пунктам якой была адмена дзяржрэгулявання коштаў. Рэалізаваць гэта мусіла Мінэканомікі ў выглядзе праекта ўказа прэзідэнта, тэрмін — да першага квартала 2011 года. Але Указ 72 выйшаў ужо праз суткі, 1-га сакавіка. Ад агучанай ідэі да падпісання ўказа прайшло 10 месяцаў.
Але і цяпер лібералізацыя не запрацавала: каб прывесці ў адпаведнасць усе дакументы, абласным і Мінскаму гарадскому выканкамам даецца яшчэ паўгода.
На думку эканаміста акадэміка НАН Беларусі Пятра Нікіценкі, працэс лібералізацыі можа быць бясконцым. Заўсёды ёсць людзі, якія марудзяць яго, кажа ён.
"Ніхто не хоча адмаўляцца ад свайго працоўнага месца. Уся лібералізацыя звязаная з удасканаленнем нарматыўнай эканомікі. А ў нас яна вельмі цікавая, і на кожным нарматыве сядзіць чалавек са сваімі інтарэсамі. Таму адмовіцца ад пасады і сваіх нарматыўных функцый цяжка".
Гэта і статыстыка, і кантроль, і папяровая бюракратычная эканоміка, фіскальная і падатковая сістэма. "Нармальную эканоміку трэба выводзіць з чорнага квадрата Малевіча", — кажа Нікіценка.
"Вазьміце любы закон: каб яго змяніць, колькі трэба часу для падрыхтоўкі, а потым для яго праходу і адмены, а на дарозе сядзяць зацікаўленыя людзі, і яны будуць даказваць, што яшчэ рана адмяніць яго".
Таму 6 месяцаў, на думку эксперта, — гэта вельмі аптымістычны варыянт. А эканаміст Леанід Заіка кажа, што гэта не вельмі доўга. У параўнанні з тым, што усё трэба было зрабіць яшчэ 20 гадоў таму.
"20 гадоў Беларусь ішла да раўнаважных коштаў. Што тут месяц туды-сюды? Гэта тое ж самае, што купіць сабе вяроўку, каб павесіцца. Яе куплялі ўжо 20 гадоў. Такі ўрад слабы, баязлівы і непісьменны. Вось яны і зараз, калі ўжо ўсе зрабілі гэтыя рэчы, акрамя Карэі, нават на Кубе адпусцілі кошты. Што тут дзіўнага? Забудзьцеся на лібералізацыю. Яна ужо ўсім надакучыла. Лукашэнку яна надакучыла. Яго дасталі журналюгі з пытаннем "Калі будзе лібералізацыя?" Ён падпісаў дырэктыву, а далей займайцеся самі. Паставіў Мясніковіча — хай займаецца гэтым".
А для лібералізацыі цэн давядзецца чакаць яшчэ каля паўгода. Такім чынам, атрымоўваем хуткасць лібералізацыі ў 1 указ і 1 дырэктыву амаль за паўтара года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі