Хто выйграў ад зніжэння стаўкі рэфінансавання

130313_savich_kredyty.mp3

Ад 13 сакавіка стаўка рэфінансавання знізілася на 1,5% – да 28,5 з 30%.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб заўважае, што зніжэнне стаўкі рэфінансавання на 1,5% адчуе большая частка беларусаў.


“Адчуюць двума шляхамі. Першае – знізяцца стаўкі па крэдытах, па-другое – па дэпазітах”, - заўважае эксперт.


На справе сітуацыя аказваецца трохі іншай.  У “Беларусбанку” дзяўчына-кансультант радасна расказвае Еўрарадыё, што стаўкі па крэдытах сапраўды знізіліся.


“На паўтара працэнтных пункта знізіліся стаўкі, калі размова ідзе пра крэдыты для тых, хто не мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых ўмоваў. Для іх стаўкі па крэдытах не змяняліся – 16%”.

Але і ранейшым уладальнікам крэдытаў ад “Беларусбанка” радавацца рана – стаўка змянілася толькі для новых крэдытаатрымальнікаў.

“Для ўсіх, хто заключыў дамовы да 13 сакавіка ўсё засталося без зменаў, бо яны падпісвалі дамову на існуючую  стаўку”.

Бадай адзіным станоўчым момантам змянення стаўкі рэфінансавання можна назваць тое, што працэнты для дэпазітаў у валюце не змяніліся, бо ад стаўкі яны не залежаць. А вось уклады ў беларускіх рублях знізілі сваю прыбытковасць на тыя самыя 1,5%.

“Валютныя дэпазіты ніякіх зменаў не пацярпелі, а вось уклады ў беларускіх рублях цяпер будуць разлічвацца па стаўцы на 1,5% меней, чым было раней”. 

 
У “Белінвестбанку” прыкладна такая ж сітуацыя: стаўкі па крэдытах знізіліся на 1,5 %, бо амаль усе займы прывязаныя да стаўкі рэфінансавання, а вось па дэпазітах ніякіх зменаў не адбылося. Але што самае крыўднае, змяненне стаўкі рэфінансавання на 1,5% амаль не зрабіла надвор'я па выплатах за крэдыты.

“Калі вы ўзялі крэдыт на 5 гадоў пад 38,5%, будзеце выплачваць каля 1, 080 рублёў у месяц, а да зніжэння стаўкі – 1,105 тысяч”, - падлічваем разам з “Белінвестбанкам”. То бок мы выйграем менш за паўсотні тысяч рублёў?!

А вось шэраг камерцыйных банкаў пайшлі сваім шляхам – згодна з унутранымі рашэннямі банкаў, стаўкі па дэпазітах яны не змянілі, а стаўкі па крэдытах мянялі яшчэ да змянення стаўкі рэфінансавання.

“Стаўкі па кароткатэрміновых крэдытах мы змянілі яшчэ ў лютым на 7%, а па доўгатэрміновых крэдытах не мянялі нічога”, - кажуць у “Абсалют-банку”.

Самая нізкая стаўка рэфінансавання была ў 2007 годзе – 10%, а самая высокая ў 1994-м – 480%.

Урад прагназуе зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца гэтага года да 16-18%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі