Хто можа ачоліць Ватыкан (фота)

У аўторак пачнецца канклаў, на якім будзе абраны новы кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы. У ім возьме ўдзел не больш за 117 кардыналаў.

РІА "Новости" адзначае, што самую шматлікую групу выбаршчыкаў на канклаве складуць еўрапейцы (61 кардынал), сярод іх — 28 італьянцаў. Таму шанцы прадстаўніка Італіі на абранне Папай могуць быць большымі, чым у іншых.

Адным з наймацнейшых італьянскіх кандыдатаў лічыцца 71-гадовы архіепіскап Міланскі Анджэла Скола. Ён ачольвае адну з найбуйнейшых епархій у свеце і мае высокі аўтарытэт.

Яшчэ адзін італьянец — 70-гадовы кіраўнік папскага савета па культуры Джанфранка Равазі.

Сярод прэтэндэнтаў называюць 70-гадовага старшыню Італьянскай епіскапскай канферэнцыі Анджала Баньяска.

Сярод "замежнікаў" часта паўтараюць імя 68-гадовага канадскага прэлата, кіраўніка ўплывовай Кангрэгацыі па справах епіскапаў Марка Уэле.

Адным з вядучых еўрапейскіх кандыдатаў на пасаду пантыфіка лічыцца 68-гадовы архіепіскап Венскі Крыстаф Шэнбарн.

Сярод кандыдатаў ёсць 80-гадовы нігерыйскі кардынал Фрэнсіс Арынзе. Праўда, з-за ўросту ён наўрад ці паўдзельнічае ў выбарах.

Больш шанцаў стаць першым афрыканцам на пасадзе Папы Рымскага мае 64-гадовы кардынал з Ганы Пітэр Тарксан.

Сярод лацінаамерыканскіх кандыдатаў ёсць 63-гадовы бразілец нямецкага паходжання, архіепіскап Сан-Паўлу Адзіліу Шэрэра.

Таксама называецца і 70-гадовы архіепіскап з Гандураса Оскар Марадыягу, які ачольвае міжнародную гуманітарную арганізацыю Caritas.

Самы малады сярод кандыдатаў — 55-гадовы архіепіскап Манілы Луісэ Тагле.

Першае паседжанне канклава пачнецца ў аўторак каля 19.30 па беларускім часе.

Фота — AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі