“Хімія” vs размеркаванне: дзе лепшыя умовы для жыцця?

У размове Еўрарадыё з выпускніком універа, які паехаў па размеркаванні, той нечакана параўноўвае ўмовы з… вольнымі пасяленнямі — “хіміяй”. Спрабуем разабрацца, дзе ж умовы лепшыя.

Алег Хута працуе ў Гальшанах сацыяльным педагогам, хоць сам родам з Баранавіч і мае дыплом выкладчыка гісторыі Гродзенскага ўніверсітэта. Размеркаваўся летась, але ўжо ўцякае ў… войска.

“Зранку ўстаю, набіраю ваду, кіпячу яе, бо гарачай няма. Пасля іду ў школу, працую там да пятай вечара. Пасля вяртаюся дадому і граю на гітары паўвечара, бо няма ні тэлебачання, нічога”, — апісвае Алег свой звычайны распарадак.

Жыве ў доме з размеркаваным сюды ж праграмістам. Раней хлопцы дзялілі жыллё з бабуляй, цяпер — палепшылі ўмовы.

“Першы час жылі ў драўляным дамку, напалову з бабуляй. Пасля нам знайшлі лепшае — двухпавярховы савецкі домік. Прыбіральня — проста ўнітаз, нічога не змываецца, сам вадой змываеш”, — расказвае Алег.

Такое жыллё яму каштуе 15 долараў на месяц. А заробак — крыху больш за два мільёны. І гэта за працу па шэсць гадзін на дзень, плюс — праца з бацькамі дзяцей.

У Паўла Севярынца, які адбывае тры гады “хіміі” за арганізацыю масавых беспарадкаў заробак меншы — каля 1,6 мільёна рублёў. Але зарабіць можна і паболей, дзеліцца Павел:

“Калі я працаваў адзін на складзе, дзе мусіла быць два чалавекі — выходзіла 2,2 мільёны. Хтосьці з “хімікаў” можа і болей зарабіць. Але гэта начныя дзяжурствы і праца з сямі да сямі”.

Жыве Павел у пакоі з іншым “хімікам”. У адным такім пакоі можа жыць да сямі чалавек. Гарачай вады няма ды агулам вада кепскай якасці, гаворыць Павел. Прыбіральня – агульная ў спецкамендатуры.

Там жа ёсць тэлевізар і нават… DVD.

“Калі ты ў камендатуры, тэлебачанне ў прымусовым парадку. На некалькі гадзін могуць загнаць у актавую залу. Калі-нікалі можна на футбол нарвацца, бывала, што глядзелі Лігу чэмпіёнаў”, — тлумачыць Павел.

Праца, вядома, цяжэйшая, чым у школе: разгрузка запчастак і выпіска.

“Прыязджае машына — трэба разгрузіць запчасткі. Ад металу, гумы, да запчастак для трактароў і грузавікоў”, — кажа Павел Севярынец.

Па словах юрыста Гары Паганяйлы два гады “хіміі” ў Беларусі можна атрымаць за эканамічныя злачынствы, злачынствы, звязаныя з парушэннем правоў чалавека, ды іншыя, якія не адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

Фота: hse.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі