Харкавец: У нас ужо заробак у эканоміцы 500 долараў

На пятай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты разгледзелі 4 праекты закона. Усе яны былі эканамічнай скіраванасці і па трох з іх асноўным дакладчыкам выступаў міністр фінансаў Андрэй Харкавец. Дэпутаты прынялі ў першым чытанні праекты законаў у Падатковы і Бюджэтны кодэксы і адразу ў двух чытаннях — закон Аб бюджэце Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2011 год. Але галоўным на сёння стаў праект закона Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год.

Зыходзячы з даклада Харкаўца вынікае, што з-за росту інфляцыі курс долара ў наступным годзе будзе 3170 рублёў.

Андрэй Харкавец: “Тэмпы росту ўнутранага валавога прадукту, улічанага пры фармаванні бюджэту, складае 110%, інфляцыя — 8% за год, сярэднегадавы курс долара — 3170 рублёў”.

Паводле прагнозаў урада, прыбытак беларускага бюджэту ў 2011 годзе складзе 54,5 трыльёна рублёў. Гэта, кажа міністр, дазволіць давесці сярэдні заробак бюджэтнікаў да 400 долараў.

Андрэй Харкавец:
“Закладзеныя ў бюджэт сродкі дазваляюць гарантаваць рост сярэднемесячнага заробку, стыпендый ды іншых выплат у параўнанні з гэтым годам на 35%. Ужо прынятае рашэнне аб павышэнні тарыфных акладаў маладых спецыялістаў і работнікаў з нізкай аплатай працы на 10%, супрацоўнікаў культурна-асветніцкіх устаноў і ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання на 15%, педагагічных работнікаў і дактароў — на 25%. Дадаткова да гэтага плануецца павялічыць тарыфную стаўку першага разраду ў гэтым годзе так, каб сярэдні заробак у бюджэтным сектары да канца гэтага года склаў не менш як 400 долараў у эквіваленце”.



Бюджэт носіць, згодна са словамі самога Харкаўца, сацыяльную накіраванасць. Так, толькі на крэдытаванне ільготнага будаўніцтва жылля з бюджэту будзе выдзелены 1 трыльён 900 мільярдаў рублёў. Між тым, шмат цікавасці выклікала і ў дэпутатаў, і ў журналістаў пытанне пра тое, зыходзячы з якой цаны на нафту і газ адмыслоўцы складалі бюджэт. Але міністр дакладнай лічбы так і не назваў.

Андрэй Харкавец:
“Сёння прагназаваць гэты паказчык (росту цаны на газ — Еўрарадыё) досыць складана. Мы заклалі яго рост дастаткова высокім. Але мы разумеем, што пры неабходнасці мы можам пераразмеркаваць частку асігнаванняў на карысць тых альбо іншых артыкулаў, якім будзе неабходная карэктыроўка па выніках канчатковага ўзгаднення гэтай цаны. Казаць пра тое, колькі на сёння мы заклалі, заўчасна. Неабходна дачакацца вынікаў перамоўшчыкаў”.

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў міністра фінансаў, ці не давядзецца перапісваць наноў бюджэт на 2011 год пасля таго, як стануць вядомыя кошты на расійскія энерганосьбіты.

Андрэй Харкавец:
“Не, не давядзецца. У цэлым, па агульных параметрах — не. А ўвогуле, безумоўна, можа спатрэбіцца карэктыроўка асобных артыкулаў. Мы знойдзем магчымасці скарэктаваць расходы на карысць тых артыкулаў, якія ў першачарговым парадку неабходна прафінансаваць. І ў нас камунальныя плацяжы заўсёды былі ў ліку прыярытэтаў па фінансаванні”.

Але, кажа, заробку, да прыкладу, бюджэтнікаў гэтыя скарачэнні расходаў не закрануць.

Андрэй Харкавец:
“Мы заўсёды пераразмяркоўвалі сродкі за кошт капітальных расходаў. Мы можам адмовіцца ад будаўніцтва нейкіх аб’ектаў, якія не нясуць відавочнай імгненнай неабходнасці для краіны. Таму — варыянты ёсць заўсёды. На тое ён і урад, каб знаходзіў выйсце з кожнага становішча”.

Што ж тычыцца абяцанага прэзідэнтам сярэдняга заробку па краіне ў 500 долараў, то, зыходзячы са слоў міністра фінансаў, ён у нас ужо ёсць! Праўда, не ва ўсіх.

Андрэй Харкавец: “Я ўжо казаў сёння, што ў эканоміцы сярэдні заробак ужо 500 долараў. Бюджэтны сектар традыцыйна адстае ад сярэдняга заробку ў эканоміцы”.



Больш за тое, міністр паабяцаў, што рост цэн у крамах не “з’есць” павялічаныя заробкі бюджэтнікаў.

Андрэй Харкавец: “Мы плануем асігнаванні такім чынам, каб захаваць рэальны рост заробку і ў наступным годзе. Гэта кажа пра тое, што рост коштаў, інфляцыя не прывядуць да абясцэньвання гэтага заробку, які мы сёння будзем гарантаваць супрацоўнікам бюджэтнага сектара”.

Дарэчы, ад будаўніцтва беларускай АЭС урад не адмаўляецца, і ў наступным годзе на гэты праект з бюджэту будзе накіраваны 1 трыльён рублёў. Для параўнання: на ўсю сістэму аховы здароўя краіны з рэспубліканскага бюджэту выдзяляецца 1,6 трыльёна рублёў, а з мясцовых — 6,2 трыльёна, на адукацыю — 11 трыльёнаў, а на будаўніцтва і рэканструкцыю жылля для ветэранаў вайны, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоў — 140 мільярдаў рублёў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі