Гурт RockerJoker прэзентаваў новую песню і кліп

120914_malina_rj.mp3

Гурт RockerJoker выклаў у інтэрнэт кліп на новую песню "Весна", для якой музыкі шукалі гучанне каля года. Яшчэ мінулай зімой удзельнікі гурта прапанавалі сваёй сяброўцы Галіне Шулепавай некалькі працоўных трэкаў на выбар. Калі ж хлопцы прагледзелі адзняты працоўны матэрыял да абранай рэжысёркай "Весны", то зразумелі, што гучанне ў песні няправільнае і над ім трэба працаваць.

"Былі кіданні і ў музычным сэнсе і ў аранжыраванні, мы не да канца разумелі, як гэтая песня мусіць гучаць, — узгадвае ўдзельнік гурта Міхей Насарогаў. — І вось толькі гэтым летам неяк усё склалася. У выніку, удзел у запісе бралі Павел Кузюкян і трошкі трэнькаў на клавішах Макс Івашын. А ўся рытм-секцыя ў гэтым трэке —  RockerJoker".

Супрацоўніцтва з трубачом "Ляписа Трубецкого" Паўлам Кузюковічам, які і папрасіў прадстаўляць яго як Кузюкян, прывяло да запісу сінгла "Петя". На ім будзе тры песні: натуральна, "Весна", пераробленая "Осколки" з альбома "Простые вещи" ды абсалютна новая "Петя. Рассказ", напісаная паводле аповеду Макса Сірага.

"Падштурхнула да стварэння гэтага сінглу менавіта духавая секцыя і супрацоўніцтва з адным і тым жа чалавекам, — працягвае пра будучы ЕР Міхей. - Магчыма, што песні будуць гучаць па-рознаму, але гэта менавіта такая аркестроўка, дзесьці —рэтра, дзесьці —трошкі “балканаў”. Сінгл будзе аб'яднаны вось гэтым агульным гучаннем ды, як нам падаецца, не зусім адназначнай, але ўсё ж кранальнай жыццесцвярджальнай сілай. Нам падаецца, што як раз восенню і мае сэнс рабіць нейкія вясеннія песні".

Відэа на песню "Весна" як раз і атрымалася жыццесцвярджальным. Здымалася яно ў вясенняй Маскве, акурат падчас квітнення ў парках. Акцёрамі сталі сябры рэжысёркі, якія з задавальненнем пагадзіліся паўдзельнічаць у здымках. Адзінай складанасцю, узгадвае Галіна Шулепава, сталі таблічкі з радкамі песні, бо гэта быў травень, і ў Маскве праходзілі розныя акцыі, таму на іх глядзелі з перасцярогай. А вось кадры хлопчыка, які ходзіць у кардонным доміку, увогуле, з сямейнага архіва рэжысёркі, і ў кліп трапілі выпадкова па просьбе музыкаў.

Кадры з кліпа


"Як і любы чалавек, які нешта вырабляе сваімі рукамі, я сумняваюся, што гэта ідэальнае спалучэнне гука ды карцінкі, — дзеліцца думкамі наконт кліпа Галіна Шулепава. — Але я задаволеная рэакцыяй людзей на кліп, бо ўсе яны ўсміхаюцца. Усе, хто яго бачыў, бачыў падчас стварэння, удзельнічаў, усе атрымалі пэўнае задавальненне. І цяепр працягваюць атрымліваць восенню вясну".

Плануецца, што ЕР "Петя" гурта RockerJoker з'явіцца ўжо цягам бліжэйшага месяца, ну а кліп "Весна" знаходзіцца ў вольным доступе на сервісе YouTube.

Фота: Раман В'есчын ды кадры з кліпа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі