Гурт Bez.Not яшчэ не выдаў дэбютны альбом, але ўжо запісвае другі

110909 Malina Bez not.mp3

Магілёўскі reggae-гурт Bez.Not выдае дэбютны альбом "Спустя рукава". Вакаліст гурта Яўген Сысоеў прызнаўся, што такую назву дыск атрымаў, бо гэта першае, што было зроблена музыкамі сур'ёзна і з сапраўднай адказнасцю. Праўда, на кружэлку трапяць толькі старыя песні, новыя музыкі вырашылі прытрымаць на наступны альбом.

"Калі пачалі пісаць гэты альбом, мы працавалі трохі ў іншым напрамку, у тым жа стылі, але крыху больш па-даросламу, – распавядае Яўген Сысоеў. – Таму на гэты альбом трапілі ўсе старыя трэкі, запісаныя, перапісаныя, некаторых трэкаў увогуле не было ў запісе. Ну, а новыя песні ўжо ўвойдуць у другі альбом, які, адпаведна, будзе больш дарослым".

Тое, што Bez.Not выдае дэбютны альбом праз шэсць гадоў існавання, Яўген тлумачыць тым, што раней у гурта не было сталага складу, а калі ўвесь час змяняюцца музыкі працаваць над дыскам амаль немагчыма. Але зараз склад вызначаны і ўжо вядзецца праца над наступным дыскам.

Яўген Сысоеў: "Думаю што наступны дыск мы запішам да новага года. А там ужо пачнём яго зводзіць, збіраць, выбіраць тое, што трапіць на дыск, а што не. Думаю, бліжэй да вясны, можа да дня нараджэння вялікага Боба Марлі мы разродзімся новым альбомам".

Прэзентаваць свой дэбютнік Bez.Not плануюць у трох гарадах: 11 верасня ў родным Магілёве, 15-га ў Мінску і пакуль яшчэ не вызначаная дата канцэрта ў Віцебску. На ўсе прэзентацыі музыкі прывязуць сваіх сяброў, якія дапамагалі ў запісе альбома, бралі ўдзел у стварэнні гурта, і разам з імі будуць выконваць свае песні, але ніякіх запрошаных гуртоў не будзе. А на Магілёўскім канцэрце ў дадатак будзе здымацца відэа.

Яўген Сысоеў: "На прэзентацыі мы вырашылі зняць відэа на адну са старых песень, якая будзе на першым альбоме. Гэта будзе проста канцэртнае відэа ў родным горадзе. Для сяброў-знаёмых, якія ўвесь гэты час хадзілі на нашы канцэрты, каб гэта была памяць і для іх і для нас. А непасрэдна паўнавартасны кліп мы будзем здымаць на песню з наступнага альбома. На стары альбом мы вырашылі ўжо не арыентавацца, мы ўжо жывем другім альбомам, неяк так".

Дэбютны альбом "Спустя рукава" гурта Bez.Not з'явіцца ў музычных крамах у кастрычніку, але на ўсіх прэзентацыях яго ўжо будзе можна набыць.

Фота: Tarantino для budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі