Гурт "3+2" змяніў песню для "Еўрабачання" з-за “эстраднай пошласці”

Удзельнікі гурта “3+2” не здолелі разабрацца, як трэба выконваць цалкам эстрадны твор беларускага кампазітара, і таму замянілі яго на больш “класічную” кампазіцыю расійскага прадзюсера. Менавіта такім чынам дырэктар гурта “3+2” Кацярына Вашчанка патлумачыла Еўрарадыё замену песні. Паводле яе словаў, кампазіцыя Леаніда Шырына ў выкананні ўдзельнікаў калектыву гучала “пошла”. Таму ад яе і адмовіліся пры першай магчымасці.

Кацярына Вашчанка:
“У рабят ва ўсіх класічная музычная адукацыя. Нават у праекце “Новыя галасы Беларусі” яны выконвалі нейкія оперныя партыі. А “Far away" — песня на 100 адсоткаў эстрадная. І не было зразумела, як яна павінна выконвацца. Бо калі спрабавалі дзеці спяваць па-эстраднаму, гэта атрымлівалася дрэнна, непрыгожа і пошла”.



Падрыхтоўка да сёлетняга "Еўрабачання" ўвогуле багатая на нечаканасці. Спачатку таемная фокус-група без звыклага ўсенароднага галасавання аб’явіла, што ў Осла паедзе не менш таемная і нікому не вядомая група “3+2”. Затым такім жа адміністратыўным парадкам вырашылі, што спяваць канкурсанты будуць напісаную Леанідам Шырыным песню “Far away". На яе нават знялі кліп. Але праз некалькі тыдняў песню беларускага паходжання замянілі на кампазіцыю "Butterflies" расійскага прадзюсера Макса Фадзеева.

Як прызнаўся Еўрарадыё Леанід Шырын, як з радаснай навіной, што яго песню абралі для ўдзелу ў "Еўрабачанні", так і з непрыемнай яму ніхто з кіраўніцтва тэлеканала не тэлефанаваў. І таму прычыны замены песні для яго застаюцца загадкай.

Леанід Шырын: “Я не разумею: што і чаму. Ёсць арганізатары, якія, магчыма, бачаць тое, чаго не бачым мы. Мы напісалі песню — гэта нашае бачанне. А ў арганізатараў, відаць, свае довады былі для замены. Я нават не магу нічога каментаваць, бо я ні з кім з арганізатараў за гэты час і не бачыўся”.

Яшчэ напачатку падрыхтоўкі Беларусі да ўдзелу ў "Еўрабачанні" тэлеканал АНТ распачаў конкурс песні, якая паедзе ў Осла. І паабяцаў пераможцу 50 тысяч долараў. Але, згодна са словамі дырэктаркі гурта “3+2” Кацярыны Вашчанкі, каб іх атрымаць, мала было толькі таго, каб тваю песню павезлі ў Осла. Былі і дадатковыя ўмовы.

Кацярына Вашчанка: “Умовы былі такія: калі песня пераможцы конкурсу бярэ ўдзел у "Еўрабачанні" і калі яна займае пэўнае месца — уваходзіць у дзясятку альбо праходзіць у паўфінал, менавіта тады і будзе размова пра фінансавае узнагароджанне”.

А паколькі ні песня-пераможца першага сезону шоў “Музычны суд” кампазітара Яўгена Малашкі, ні песня другога сезона кампазітара Яўгена Курасава ў Осла не паедуць, то і 50 тысяч долараў АНТ нікому з іх не заплаціць. Ды і ў Шырына шанцаў на іх не было. Бо песня “Far away" прызавога месца ў конкурсе не заняла і пад умовы выплаты ўзнагароды не трапляла. Вось толькі казаць пра эканомію сродкаў не выпадае. Бо за песню расіяніна Макса Фадзеева давялося, кажа Кацярына Вашчанка, выкласці больш круглую суму. Прычым размова пра дзясяткі тысяч долараў ужо нават і не ідзе.

Кацярына Вашчанка: “Зразумела, што песня дасталася нам не бясплатна. І дзясяткі (тысяч долараў — ЕРБ) — гэта, напэўна, яшчэ было б не вельмі дорага, калі мы гаворым пра такія імёны, як Макс Фадзееў”.

Прычым грошы замежнаму кампазітару заплацілі без усялякіх дадатковых умоў: ні наконт уваходжання ў дзясятку, ні наконт праходу ў паўфінал. Дарэчы, аплачвае АНТ і ўсе астатнія выдаткі — і здымкі кліпа, і касцюмы, і прома-тур.

Еўрарадыё пра Еўрабачанне:


Скандал Еўрабачання Stefane&3G: “Мы зараз самы абмяркоўваны праект, а гэта крута"
Дзяржаўныя “Песняры” рвуцца на “Еўрабачанне” з таемнай песняй
Азербайджан "падкупляў" галасаванне на "Еўрабачанні" ў Беларусі і Літве?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі