Грамадскую актывістку збілі ля пад'езда і састрыглі валасы

Пра гэта паведаміла ў сваім фэйсбуку рэжысёрка Вольга Нікалайчык, сяброўка актывісткі “Еўрапейскай Беларусі” і групы “За Волю” Юліі Сцяпанавай . Паводле Нікалайчык, пра збіццё Сцяпанава паведаміла ёй па тэлефоне. Напад адбыўся ля яе ўласнага пад'езда ў Мінску каля 1 гадзіны ночы 14 студзеня, калі Юлія ішла дадому з апошняга аўтобуса. Нападнікі нецэнзурна лаяліся наконт яе палітычных перакананняў. У Сцяпанавай у кроў разбітая губа. Доўгія кучаравыя белыя валасы Юліі зрэзаныя ўшчэнт.

Вольга Нікалайчык паведаміла, што яшчэ 8 студзеня на вечарыне, прысвечанай 50-годдзю Міколы Аўтуховіча, Юлія Сцяпанава паведаміла ёй, што на яе аказваецца вялікі псіхалагічны ціск -- пераследуюць незнаёмыя людзі, сочаць за ёй.

Раней Юлія Сцяпанава ўжо зазнала ціск паводле палітычных матываў. У траўні 2012 года яна была звольненая з працы ў прадстаўніцтве шведскай фірмы Scandinavian & UK Machines. Кантракт сканчаўся 31 снежня, а 29 траўня Сцяпанавай паведамілі праз скайп без тлумачэнняў, што кантракт скасаваны датэрмінова. Перад гэтым Сцяпанава была адміністрацыйна асуджаная ў сувязі з удзелам у акцыях у падтрымку беларускіх палітвязняў, а таксама знялася ў фільме “Камера катаванняў Акрэсціна”.


Міліцыянты самі прыехалі да Сцяпанавай пасля нападу

Фота з сацыяльных сетак і bymedia.net