Грамадска-кансультацыйны савет працягне сваю працу без Макея

110923 Luka6uk Makei.mp3

Раніцай 23 верасня сябры Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта нечакана даведаліся, што іх структуры больш не існуе – яе распусцілі. У лісце за подпісам кіраўніка савета Уладзіміра Макея адзначаецца: прычына роспуску ў тым, што савет абвінавачваюць у падпарадкаванасці ўладзе, а яго сяброў называюць прызначэнцамі прэзідэнцкай адміністрацыі.

Сябра савета Пётр Марцаў лічыць, што сэнс у словах кіраўніка адміністрацыі ёсць. Але, кажа, трэба глядзець глыбей і аналізаваць, ці насамрэч сёння ўладзе патрэбны дыялог з грамадзянскай супольнасцю? І наадварот.

Пётр Марцаў: “Пытанне ў тым, ці патрэбны гэты дыялог уладзе альбо грамадзянскай супольнасці з уладай ці не? Ці магчымы ён, калі пасля 19 снежня адбыўся відавочны раскол у грамадзянскай супольнасці? Я думаю, што ў нечым спадар Макей мае рацыю, і такая структура непатрэбная, калі яна не карыстаецца даверам”.

Па словах спадара Марцава, савет сапраўды на дзве траціны складаўся з праўладных прызначэнцаў. Але для нешматлікай траціны прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці гэты была адзіная магчымасць выказаць уладзе ўсё, што набалела ў грамадстве.

Марцаў нагадвае, што сябры савета аб’ядналіся ў ініцыятыўную групу, якая распрацавала прапановы па кардынальнай змене як складу, так і працы гэтай структуры. У сам савет прапаноўвалася ўвесці як мага больш сапраўды незалежных экспертаў, спецыялістаў і палітыкаў, а таксама стварыць пры ім працоўныя групы. Гэта, лічыць Марцаў, і не спадабалася ўладам.

Пётр Марцаў: “Ініцыятыўная група дастаткова радыкальна падышла да меркаванай дзейнасці савета і зрабіла прапановы дастаткова сур’ёзныя. Цяжка было б абвінаваціць пасля рэалізацыі гэтых прапаноў гэтую структуру ў тым, што яна бутафорская і нічога не вырашае. Бо тады б пры ёй на пастаяннай аснове працавалі б працоўныя групы. Гэта быў бы вялікі “гемарой” для ўлады. І тады роля ГКС была б зусім іншай. Але відавочна, што ўладзе гэта не было патрэбна”.

Не выключае таго, што менавіта прапанаваныя змены і сталі асноўнай прычынай скасавання савета яшчэ адзін сябра ГКС – генеральны дырэктар Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій SATIO Жана Грынюк.

Жана Грынюк: “На 28 верасня на 15 гадзін у нас была прызначана сустрэча новага складу савета, тэма была акрэслена, былі прызначаныя асноўныя дакладчыкі на тэму дыялога, кансалідацыі і развіцця грамадскай супольнасці. А ў аўторак мы асабіста сустракаліся са спадаром Макеем, абмяркоўвалі гэтыя пытанні і не было ніякіх прыкмет таго, што Макей прыме такое рашэнне”.

У той жа час, яна ўдзячная кіраўніку прэзідэнцкай адміністрацыі за скасаванне савета.

Жана Грынюк: “Мы працягнем сваю працу. Запросім усіх тых, каго прапаноўвалі ў новы склад ГКС – і прадстаўнікоў улады, і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, і ўсё ж такі гэта пасяджэнне адбудзецца. Праца ГКС працягнецца. Я лічу, што тое, што адбылося, пазітыўна і канструктыўна. Нарэшце нас перастануць абвінавачваць у тым, што мы – прызначэнцы ўлады!”

Фота: http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі