Геі ўсё ж збіраюцца правесці 17 траўня шэраг акцый

У Міжнародны дзень барацьбы супраць гамафобіі яны меліся зладзіць тры пікеты. Акрамя пікета каля офіса Партыі БНФ акцыі планаваліся на Нямізе і на плошчы Бангалор.

Адзін з заяўнікаў акцый — Валянцін Цішко паведаміў Еўрарадыё, што чакаў дазволу прынамсі на пікетаванне офіса БНФ.

Валянцін Цішко: “Хай бы яшчэ і дзякуй сказалі, што збіраемся пікетаваць адну з самых старых апазіцыйных партый Беларусі. Мы не хацелі ладзіць правакацыі. Наша пазіцыя была — “спыні гамафобію”. Але пасля мы зразумелі, што гарвыканкам будзе ў пікантным становішчы, з пытаннем на чый бок стаць — ЛГБТ-актывістаў ці БНФ”.

Заяўнікі плануюць абскарджваць рашэнні Мінгарвыканкама ў судзе. А дзень барацьбы супраць гамафобіі будзе адзначацца незалежна ад забароны акцый. Традыцыйна у такія дні праходзіць раздача улётак, налепак, тлумачэння што такое гамафобія, трансфобія. Але ўсіх планаў арганізатары пакуль не раскрываюць.

Валянцін Цішко: “Шэраг акцый на 17 траўня ўсё ж плануецца як у Мінску, так і ў рэгіёнах — у абласных цэнтрах і некаторых іншых гарадах, напрыклад Маладзечна, Баранавічы. На управу БНФ мы перадамо петыцыю з патрабаваннем спыніць гамафобію”.

Нагадаем, што офіс Партыі БНФ геі збіраліся пікетаваць пасля заяваў намесніка старшыні партыі Аляксандра Стральцова-Карвацкага, якія ЛГБТ-актывісты ацанілі як гамафобныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі