"Газпрам" не звязвае пастаўкі газу з продажам акцый "Белтрансгазу"

Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік расійскага газавага холдынгу Аляксей Мілер. Па яго словах, дамова наконт куплі 100% акцый "Белтрансгазу" знаходзіцца "ў вельмі-вельмі высокай ступені гатовасці".


Раней на гэты конт выказаліся і прадстаўнікі кіраўніцтва Расіі і Беларусі. У прыватнасці, летась Аляксандр Лукашэнка заяўляў пра магчымасць продажу 50% акцый "Белтрансгазу". Але ў абмен ён хацеў, каб газ у Беларусь пастаўляўся па ўнутрырасійскіх коштах.


Сёлета ў сакавіку прэм'ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што расійскі бок хоча акцыі "Белтрансгазу" за 2,5 млрд долараў. Пры гэтым ён папрасіў беларускіх партнёраў не навязваць Расіі якіх-небудзь дадатковых умоваў. 


Старэйшы аналітык расійскага Інстытута энергетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў у каментары БелаПАН выказаў меркаванне, што Беларусь цяпер не ў тым становішчы, каб ставіць умовы наконт кошту на газ. Па яго словах, 2,5 млрд долараў — гэта даволі высокі кошт, які ў сабе ўтрымоўвае субсідыю для Беларусі.